Другі Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! завяршыў першую ў сваёй гісторыі серыю рэгіянальных прэзентацый. Семінары па выніках сёлетняга AD.NAK-2 і асноўных тэндэнцыях на рэкламным рынку Беларусі і ў свеце прайшлі ў кастрычніку-лістападзе ў абласных цэнтрах Беларусі. Фэст правёў рэгіянальныя сустрэчы з рэкламістамі ў Горадні (13 кастрычніка) і Магілёве (3 лістапада), а 16 лістапада завітаў у Берасце.

Кампанія «Атлант-М Вест», імпарцёр Ford у Рэспубліцы Беларусь, выступіла галоўным партнёрам усіх рэгіянальных прэзентацый фестывалю AD.NAK!. Прынт-партнёрам берасцейскага семінара стала кампанія «Назараў & Co».

Семінар у Берасці стаў самым шматлюдным з усіх трох і падвёў упэўненую рысу пад першай выязной сесіяй фестывалю. Першымі сустрэлі сталічных рэкламістаў супрацоўнікі ДАІ Берасцейшчыны, якія на ўездзе ў горад пажадалі ім добрага выступу. Распачалі прэзентацыю Сяргей Скараход, які прадставіў фестываль, яго найлепшыя працы і тэндэнцыі на сучасным рэкламным рынку Беларусі, і Андрэй Эзерын, які засяродзіўся на сацыяльных сетках, дзе і паабяцаў працягнуць камунікацыю з усімі ахвотнымі пасля.

«Вельмі пазітыўна прайшлі першыя выязныя сесіі фестывалю. Мы задаволеныя колькасцю людзей, якія да нас прыйшлі ў Горадні, Магілёве і Берасці, — кажа Алена Макоўская, адзін з арганізатараў Фестывалю, каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі! — Але самым галоўным з’яўляецца якасны бок семінараў. Шчырая зацікаўленасць публікі і выкарыстанне беларускай мовы ў рэкламе нязменна расце. Гэта дае падставу сказаць, што не за гарамі эра «2.0» беларускай рэкламы, калі беларускасць перастане быць нейкай фішкай, а стане адной з рэалій гульні. AD.NAK-3 пакажа, ці так гэта."

У 2012 годзе Фестываль пройдзе ўжо трэці раз, і актыўнасць рэгіянальных рэкламістаў на семінарах дае арганізатарам падставу чакаць павялічэння работ ад прадстаўнікоў рэкламнай галіны ў намінацыях і конкурсах.

«Канечне, мы пабачылі пэўную розніцу паміж Горадняй з Берасцем і Магілёвам. Гэта звязана з узроўнем эканомікі і актыўнасцю бізнэсу па краіне ў цэлым, — адзначае Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-праекту Marketing.by — Нельга сказаць што ў нейкім рэгіёне ёсць гіперактыўнасць у галіне рэкламы, у тым ліку і беларускамоўнай. Вельмі радуе, што ёсць частка рэкламістаў, якая пільна сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, і актыўна рэагуе на змены ў кан’юнктуры рэкламнага рынку. Менавіта гэты авангард і будзе „рабіць надвор’е“ ў айчынным маркетынгу ў найбліжэйшы час».

У другім блоку берасцейскай прэзентацыі выступілі Сяргей Скараход і Надзея Мурашка (www.marketing.by), якія прэзентавалі пераможцаў найбольш вядомых сусветных фестываляў рэкламы гэтага года, а таксама Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, каардынатары культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», з прэзентацыяй брэнду і ўнікальных праектаў кампаніі. Адказаўшы пад канец на пытанні залы, выступоўцы і гледачы яшчэ раз паглядзелі анімацыйны фільм «Будзьма беларусамі!», чым і паставілі кропку ў камандзіроўках. А дакладней, клічнік, упэўнены і шматабяцальны.

AD.NAK! — гэта пляцоўка, якая аб’ядноўвае найбольш актыўную і перадавую частку прафесійнага грамадства ў галіне рэкламы, маркетынгу і PR, а яго галоўная мэта — прыцягнуць увагу прафесійных удзельнікаў рэкламнага рынку, а таксама грамадства Беларусі да рэкламы і іншых сродкаў маркетынгавых камунікацый, выкананых на беларускай мове.

Галоўная мэта Другога фестывалю — звярнуць значную ўвагу на работы, скіраваныя на прасоўванне розных культурніцкіх праектаў, якія былі створаныя і прасоўваліся да сваёй аўдыторыі маркетынгавымі інструментамі і шляхамі.

Сёлета Фестываль прайшоў ужо другі раз. У гэтым годзе было атрымана 272 заяўкі ад больш чым 100 удзельнікаў! Праграма фестывалю складалася з 11 намінацый і 5 конкурсаў.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце Фестывалю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?