Паседжанне Pады бяспекі па пытанні пагрозы НАТА і падрыхтоўцы да зімовага стойлавага перыяду праходзіла, як і патрабаваў прэзідэнт, у дзелавым стылі. Спярша абаронны міністр далажыў пра планы ворага супраць нашай Радзімы. Потым прааналізаваў матэрыяльныя магчымасьці агрэсараў і нашу здольнасць да супраціву. Высветлілася, што

наша войска мае патронаў і снарадаў на трое сутак няспыннай страляніны, гранаты і гарбузы можа шпурляць хоць да Каляд, а авіяцыя можа лётаць сорак восем гадзін без пасадкі. Танкі, не прысядаючы, здолеюць змагацца таксама трое сутак, калі іх падтрымаюць цяжкія КСК. Пасля — капцы.
(Міністр асцярожна абмінуў далікатную тэму трапнасці нашых вайскоўцаў. Апошняя
інспектарская праверка паказала, што сярэдні салдат з пяці стрэлаў чатыры разы не трапляе з пяці метраў у дупу нерухомаму слану.
) Пачуўшы гэтакі прагноз прэзідэнт ускіпеў, прыйшоў у шаленства, абвінаваціў усіх у зладзействе, карупцыі і маладушнасці і
запатрабаваў павялічыць тэрмін магчымай вайны да тыдня з наступным выхадам да Ла Маншу.

Нехта моцны ў геаграфіі асьмеліўся запярэчыць, што да Ла-Маншу далёка, што можам не паспець. Гэта яшчэ болей раз’ятрыла галоўнакамандуючага: «Савецкай уладзе было недалека, а вам за белым сьветам?! Моташна слухаць!»

Пасля завялі прагматычную гаворку пра малаверагоднае, але магчымае тактычнае выраўнанне лініі фронту для далейшага наступу.

Усіх хвалявала пытанне, дзе будзем капітуляваць і як ратавацца ад гаагска-палявых судоў.
Прэзідэнт, які палагаднеў пасля карца валяр’янкі, сонна паслухаў развагі генералаў і абвясціў: «Адступаць будзем да Масквы і далей да Уралу.
Вы думаеце, усе гэтыя гады я дарма каўтаў сліну іхніх пацалункаў, клянчыў нафту, шліфаваў і вылізваў ідэю саюзнай дзяржавы? Мне патрэбны маштабы!
"

Потым нехта нясмела прапанаваў прадумаць далейшую хаду кампаніі.

«Усё прадумана, — адрэзаў прэзідэнт. — За сабою пакідаем выпаленую зямлю. Атамную электрастанцыю і запасныя часткі да яе бярэм з сабою. Асаблівую ўвагу надаць эвакуацыі дзяцей, цяжарных жанчын і гожых маладзіц, ворагу пакідаць адно страхоцце. Пасля масавых родаў усіх апладняем наноў — нам патрэбныя салдаты — і ад Урала пачынаем шырокі партызанскі рух. Ірваць усё, што ірвецца: чыгункі, шашэйкі, глушыць рыбу, здымаць драты на алюміній і на медзь. Не пакідаць ворагу ані банана.

Сам я буду ў „Боінзе“ ў сакрэтным месцы над Беларуссю. Буду курыраваць дзеянні партызанскага штабу.
Сувязь трымацьмем праз парашутыстаў». Адзін генерал хацеў спытаць, а як жа парашутысты вернуцца на «Боінг», але, пакумекаўшы, вырашыў пачакаць. «Спіс тых, хто будзе са мною ўжо складзены. У прычэпе да «Боінга» ёсць яшчэ вольныя месцы. Хто жадае, можа запісацца». Усе прысутныя, баючыся падазрэння ў нелаяльнасьці, выказалі жаданне.

«Дарэчы,

колькі танкаў мы можам не прапусьціць да Масквы?», — нечакана спытаў прэзідэнт. Абаронны міністр на момант сумеўся, а потым няўпэўнена сказаў: «Гэта залежыць ад таго, на колькі хопіць у іх грошай
».

Нехта з генералаў выказаў непакой, што краіна дагэтуль не мае ваеннага флоту, не кантралюе марскіх шляхоў і абшараў. Усе пагадзіліся, што пытанне ўзнята своечасова і слушна. Прэзідэнт прапанаваў купіць у Расіі які-небудзь непатрэбны ёй флот. Было вырашана прыдбаць пяць крэйсераў (па адным на кожны акіян), дзесяць эсмінцаў, два авіяносцы (па адным на полюс) і некалькі падводных чоўнаў для ваенна-марскіх падводных вучэнняў і парадаў.

Калі ўжо сканчалі дыскусію нехта прапанаваў купіць некалькі кітоў для марской выведкі. Прапанову прынялі і на гэтым спынілі паседжанне.

На абмеркаванне зімовага стойлавага перыяду насельніцтва часу ўжо не хапіла.
Абмежаваліся рэкамендацыяй зачыняць шчыльна вокны з надыходам халадоў. У рэзалюцыі-звароце да беларускага народу так і запісалі: «На акно кладзіце мату, каб не клаў мароз сляды».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?