Гомельскі праваабаронца Канстанцін Жукоўскі звярнуўся з лістом да мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, у якім просіць яго дапамагчы захаваць жыццё абвінавачаным у тэразыме Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.
«Мяне вельмі хвалюе лёс гэтых маладых хлопцаў, таму што па сутнасці справы няма важкіх доказаў іх віны,хоць пракурор і патрабуе смяротнай кары. Прашу вас праявіць увагу да гэтага працэсу і не дапусціць магчымай расправы над гэтымі людзьмі. Я не суддзя, і судзіць не магу, але ўсё ж смяротную кару прымяняць пры адсутнасці важкіх доказаў — гэта злачынства», — мяркуе Жукоўскі.
Ён таксама просіць патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі азнаёміцца з публікацыямі ў прэсе, што тычацца справы тэрарыстаў, і звяртае ўвагу, што
«існуе вялікая верагоднасць паўтарэння памылак мінулага, калі расстрэльвалі невінаватых, як было ў выпадку з віцебскім маньяком Міхасевічам».
«Прашу вас праявіць хрысціянскую цярплівасць і спагаду, захаваць жыццё гэтых людзей, магчыма, яны выкручваюцца, спрабуючы сябе выгарадзіць, але ёсць і іншыя меры пакарання, апрача пазбаўлення жыцця», — завяршае зварот Жукоўскі.
Як паведаміў праваабаронца, ён звярнуўся да мітрапаліта Філарэта,
каб «не стаць маўклівым саўдзельнікам магчымага злачынства».Жукоўскі мяркуе, што і іншыя неабыякавыя грамадзяне могуць звярнуцца ў розныя інстанцыі. «Калі грамадства будзе маўчаць — гэтых людзей расстраляюць, хоць, хутчэй за ўсё, яны невінаватыя», — дадаў гамяльчанін.