Абвінавачаныя ў выбуху ў мінскім метро павінны панесці самае суровае пакаранне, у той жа час мае права на існаванне меркаванне, што смяротнае пакаранне для іх можна замяніць пажыццёвым зняволеннем, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю праграме «Весткі ў суботу» на канале «Россия-24».

«Мне яшчэ прыйдзецца, хачу я гэтага ці не, — як і ў Расійскай Федэрацыі, апошняе слова ў гэтай сітуацыі, калі суд вынесе такое рашэнне аб смяротнай кары гэтых людзей, хачу я гэтага ці не, дакладна так, як і ў вас, —

я павінен буду падпісаць указ, памілаваць ці не памілаваць»,
 — заявіў Лукашэнка, каментуючы па просьбе журналіста Сяргея Брылёва прапанову пракурора прысудзіць да смяротнага пакарання Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

«Усё наша грамадства перажыло такі шок, — адзначыў беларускі кіраўнік. — Гэта недаравальна, і я як прэзідэнт лічу, што павінна быць самае жорсткае пакаранне за падобныя дзеянні. Што падштурхнула цябе? Якая матывацыя? Каб пацешыць і паглядзець, як будуць гінуць людзі?

Як кравішча будзе хвастаць? За гэта трэба адказваць па поўнай праграме».

На рэмарку Брылёва: «Можа быць, як раз адказам на гэта варварства было б тое, каб не адказваць смерцю на смерць, а няхай сядзяць ўсё жыццё ў турме?» —

А. Лукашэнка заявіў: «Можа быць, і так. Вы маеце права на гэты пункт гледжання».

Прысуд па справе Канавалава і Кавалёва будзе абвешчаны 30 лістапада.

Канавалаў абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1, 2, 3 арт. 289 КК (тэрарызм), чч. 2, 3 арт. 295 (незаконны абарот зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў), чч. 2, 3 арт. 339 (злоснае і асабліва злоснае хуліганства), ч. 2 арт. 218 (наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці), ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 339 (замах на злоснае хуліганства), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне маёмасці).

Кавалёў абвінавачваецца па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 289 (саўдзел у акце тэрарызму), ч. 3 арт. 295, гг. 2, 3 арт. 339, ч. 2 арт. 218, ч. 2 арт. 405 (ўкрывальніцтва злачынстваў), чч. 1, 2 арт. 406 (неданясенне аб злачынстве).

У выніку выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» 11 красавіка загінула 15 чалавек, цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжару атрымала 387 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?