Мінуў год з дня смерці навуковага і грамадскага дзеяча Беларусі прафесара Івана Нікітчанкі.

19 лістапада 2010 года аўтамашына, якой кіраваў вучоны, сутыкнулася з грузавіком «ЗІЛ» на трасе Мінск — Маладзечна — Нарач. Не прыходзячы ў прытомнасць, ад атрыманых траўм Іван Нікітчанка памёр у маладзечанскай гарадской бальніцы 20 лістапада ў 1.50.

Па факце ДТЗ Маладзечанскім РАУС была распачата справа на падставе артыкула 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека). Аднак у лютым справу спынілі ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства. Паводле высноў судова-медыцынскай экспертызы, падчас руху ў 71-гадовага Нікітчанкі маглі ўзнікнуць праблемы з сэрцам, у выніку чаго ён выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе яго аўтамабіль сутыкнуўся з грузавіком. Нейкіх перашкод, якія маглі б прымусіць яго зрабіць такі манеўр, паводле інфармацыі следства, не было.

«Смерць Івана Нікітчанкі стала вялікай стратай для ўсяго грамадства.
Як спецыяліст, які займаўся праблемамі ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ён быў адным з найбольш падрыхтаваных у гэтай сферы», — адзначыў у інтэрв’ю БелаПАН намеснік старшыні Партыі БНФ, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Рыгор Кастусёў.

Паводле яго слоў, прапановы Нікітчанкі ў галіне ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, аховы здароўя людзей, пацярпелых ад катастрофы, былі вельмі важныя. «На жаль, улады не прыслухоўваліся да яго прапаноў. Ён як мог даводзіў свае погляды, сваё разуменне праблемы грамадству. Думаю, яго напрацоўкі з часам будуць запатрабаваны новымі ўладамі Беларусі. Прыйдзе час, калі яго даследаванні будуць вывучацца вучонымі, усімі, хто цікавіцца праблемамі ліквідацыі аварыі на ЧАЭС», — перакананы палітык.

Паводле слоў Аляксандра Валчаніна, старшыні зарэгістраванай ва Украіне грамадскай арганізацыі «Саюз Чарнобыль — Беларусь», Нікітчанка «быў чалавекам вельмі неардынарным». «Пра наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС ён заўсёды гаварыў прама і адкрыта. Беларусь шмат страціла ў сувязі са смерцю Івана Нікітчанкі. Гэта быў спецыяліст высокага класа, энцыклапедычных ведаў», — падкрэсліў Валчанін.

***

Іван Мікалаевіч Нікітчанка нарадзіўся 10 студзеня 1939 года ў вёсцы Гарыцы Пагарскага раёна Бранскай вобласці Расіі. Вучоны ў галіне селекцыі жывёл. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1986), доктар сельскагаспадарчых навук (1979), прафесар (1981).

Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1960). З 1968 года — навуковы супрацоўнік, загадчык сектара, кіраўнік селекцыйнага цэнтра Беларускага НДІ жывёлагадоўлі. З 1986 года намеснік старшыні Дзяржаграпрама БССР, з 1988 года — старшыня Заходняга аддзялення Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя Леніна, адначасова намеснік старшыні Дзяржаграпрама БССР. З 1991 года — генеральны дырэктар НДІ «Агранавука», з 1993 года — віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага цэнтра стратэгічных даследаванняў. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1985–1990 гадах.

Праводзіў даследаванні па распрацоўцы генетыка-матэматычных метадаў аналізу селекцыйнай працы і аўтаматызаваных сістэм кіравання ў племянной жывёлагадоўлі. Распрацаваў прагнозныя індэксы абмену рэчываў, метады прагназавання прадукцыйнасці і генетычнай схільнасці жывёл да захворванняў і стрэсаў.

Стварыў і ўзначаліў сацыяльна-экалагічнае грамадскае аб’яднанне «Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў». Займаў актыўную пазіцыю па абароне людзей, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС, выступаў супраць будаўніцтва АЭС у краіне.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?