Праз дзесяць гадоў зона еўра будзе па-ранейшаму існаваць, і нават павялічыцца, тым часам цяперашні Еўразвяз распадзецца, каб адрадзіцца ў іншым складзе і пад іншай назвай – прадбачыць знаны брытанскі гісторык з Гарвардскага універсытэта Ніл Фергюсан.
У сваім артыкуле ў суботнім Wall Street Journal ён прадстаўляе, крыху паўжартам, сваё бачанне Еўропы ў 2021 годзе. Ён піша, што
вынікам цяперашняга крызісу запазычанняў у зоне еўра будзе стварэнне ў 2012 годзе «Злучаных Штатаў Еўропы», у якіх супольная фіскальная палітыка запэўніць тое, што
краіны паўночнай Еўропы будуць утрымліваць эканоміку больш марнатраўных краін Еўропы паўднёвай, такіх, як Грэцыя, Партугалія, Італія і Іспанія.
Жыхары гэтых паўднёвых краін, у якіх беспрацоўе дасягне афіцыйна 20%, будуць занятыя ў шэрай гаспадарчай сферы – «як пакаёўкі ды агароднікі для немцаў, якія ўсе без выключэння будуць мець другі дом на сонечным поўдні».
У зону еўра – працягвае Фергюсан – уступяць новыя краіны: Польшча, Літва, Латвія, якія, на ўзор Эстоніі, стануць «узорнымі краінамі новай Еўропы, прыцягваючы нямецкія інвестыцыі, дзякуючы сваім лінейным падаткам і адносна нізкім заробкам».
З пераназванага Еўразвяза выйдзе Вялікабрытанія, згодна з вынікамі адпаведнага рэферэндуму. Ірландыя ўвойдзе ў Аб'яднанае Каралеўства, каб не мець клопатаў з удзелам у ЕС. Ад Еўразвяза адлучацца таксама Данія, Швецыя і Фінляндыя, якія разам з Нарвегіяй і Ісландыяй утвораць «Скандынаўскую лігу».
У новых Злучаных Штатах Еўропы будзе 29 дзяржаваў, бо месца тых, якія выйшлі, зоймуць шэсць маленькіх краін былой Югаславіі, а таксама Валонія і Фламандыя, якія з'явяцца пасьля распаду Бельгіі.
Сталіца новай федэрацыі будзе перанесеная з Брусэля ў Вену, каб падкрэсліць нямецкае дамінаванне.
Фергюсан робіць таксама прагнозы для Блізкага Усходу, але яны катастрафічныя. Ён прадбачыць, што
ў наступным годзе Ізраіль атакуе ядзерныя аб'екты ў Іране, не зважаючы на пратэст ЗША, а Іран адкажа на гэта з дапамогай сваіх хаўруснікаў – радыкальных ісламістаў у Ліване і Сектары Газы. Турцыя ўстане на бок Ірану ў вайне з Ізраілем, а ў Егіпце прыйдуць да ўлады фундаменталісты з Мусульманскага брацтва.
Іранская Варта рэвалюцыі – прадбачыць аўтар – захопіць адзін з амерыканскіх караблёў у Персідскай затоцы і возьме ягоны экіпаж як закладнікаў. Гэта будзе апошні цвік у палітычную труну прэзідэнта Абамы. Пасля выбараў у ЗША праз год уладу ў Белым доме атрымае Міт Ромні.
Будучыню Беларусі гісторык-прарок не разглядаў.