Захар Прылепін у розны час камандаваў атрадам АМОНа, працаваў грузчыкам і ахоўнікам. Цяпер яго творы крытыкі лічаць ледзьве не вяршыняй сучаснай расійскай прозы. «Грэх» нядаўна назвалі найлепшай кнігай дзесяцігоддзя, а іншыя раманы атрымлівалі прэміі ўзроўню «Нацыянальны бестселер» і «Расійскі букер».

Захар Прылепін мае актыўную грамадзянскую пазіцыю — ён, па ўласным вызначэнні, левы радыкал, а таксама сябар нацыянал-бальшавіцкай партыі, арганізатар «Маршаў нязгодных» у родным Ніжнім Ноўгарадзе.

Пасля сустрэч з Пуціным, на якіх Прылепін неаднаразова прысутнічаў, яго «на дэманстрацыях затрымліваюць больш ветліва: не цягнуць па зямлі, а вядуць пад рукі».
Некалькі дзён таму стала вядома, што прапуцінская моладзевая арганізацыя «Новыя людзі» патрабуе ад Міністэрства юстыцыі Расіі праверыць кнігі Прылепіна на наяўнасць экстрэмісцкіх заклікаў.
У прыватнасці раман «Санькя», у якім Прылепін апісаў спробу дзяржаўнага перавароту сіламі аб’яднання, якое нагадвае нацыянал-бальшавіцкую партыю.
«Наша Ніва» паразмаўляла з Захарам Прылепіным пра экстрэмізм, Пуціна і чорныя «спісы».

«Наша Ніва»: Як выйшла так, што моладзевы рух «Новыя людзі» прапанаваў праверыць вашыя кнігі на экстрэмізм?

Захар Прылепін: Гэта проста патрэба маладых людзей быць заўважанымі, і праз гэта яны займаюцца вельмі недарэчнымі і несур’ёзнымі рэчамі, атрымліваецца надзвычай па-дурному.

Яны, я пэўны, і не ведаюць дакладна хто такі Захар, і што там у тых кнігах. Чулі што нядобранадзейны, што апазіцыянер, і вырашылі праявіць ініцыятыву.
Яны не думалі, што гэта ініцыятыва так гучна адаб’ецца — ва ўсіх федэральных СМІ, напісана ўжо ля сотні матэрыялаў, і цяпер яны імкнуцца даць задні ход, заяўляючы, што забараняць яны нічога не збіраліся.

«НН»: За апошнія месяцы гэта не адзінкавы выпадак праверкі літаратуры на экстрэмізм у Расіі. Гэта тэндэнцыя або перагібы на месцах?

ЗП: Гэта перагібы на месцах, якія перарастаюць у тэндэнцыю. 282 артыкул Крымінальнага кодэксу (прадугледжвае пакаранне за дзеянні, скіраваныя на распальванне варожасці і прыніжэнне годнасці па этнічных, моўных, полавых, канфесійных прыкметах. — Рэд.) працуе ў розных месцах. У першым месцы — творчасць Канстанціна Крылова, у другім — Барыса Акуніна, агулам набярэцца штук 10–20 такіх выпадкаў. І гэта ўсё мясцовыя ініцыятывы, характэрныя для пракрамлёўскіх клеркаў. Магчыма, для дэстабілізацыі палітычных апанентаў. Аднак гэта не ўказ аднекуль зверху — калі такі ўказ з’явіцца, яны будуць выкарыстоўваць 282-гі артыкул у сто разоў актыўней, больш заўзята і бязлітасна.

«НН»: Пуцін вяртаецца да ўлады. Як гэта адаб’ецца на пісьменніцкай супольнасці?

ЗП:

Мне адразу хочацца спытацца — хіба Пуцін сыходзіў? Я не падзяляў меркаванне пэўных колаў, якія лічылі, што Мядзведзеў гэта лібералізатар і дэмакрат.
Па вялікім рахунку, нічога не змянілася —
дэманстрацыі разганяліся пры Пуціну, гэтаксама яны разганяліся і пры Мядзведзеву.
Таму нічога ад вяртання Пуціна не зменіцца — яшчэ на чатыры гады сітуацыя застанецца такой самай.

«НН»: Ці чулі вы пра беларускія чорныя спісы дзеячоў мастацтва? Ці магчыма з’яўленне такога спісу ў Расіі?

ЗП: Я сачу за сітуацыяй ў Беларусі, праз розныя крыніцы і розныя меркаванні знаёмых. Не магу сказаць, што я прыхільнік беларускай апазіцыі, ці, тым больш, прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі.

Мне падаецца, што беларуская апазіцыя часам сябе пераацэньвае.

Наконт чорных спісаў я скажу наступнае — у 90-я дакладна не дапускаліся на каналы Цэнтральнага тэлебачання такія людзі як Лімонаў, ці Праханаў. У 2000-я некаторыя з забароненых у 90-я пачалі там з’яўляцца. Ці гісторыя з забаронай у Маскве канцэртаў гурту «Ленінград» — гэта тая самая сітуацыя. Проста

Беларусь сама па сабе краіна невялікая, і інфармацыйная структура іншая. У Расіі асобным апазіцыянерам не надаюць такога значэння, як у Беларусі.
Але чорныя спісы — гэта не беларускае ноу-хау. Яны існуюць — і не ў адзінкавым асобніку — у Расіі.

«НН»: Вы ўдзельнік шматлікіх акцый пратэсту, прычым бывалі з розных бакоў барыкадаў. Які метад пратэсту падаецца вам найбольш эфектыўным?

ЗП: У мяне ёсць адчуванне, што цяпер склалася сітуацыя негалоснай дэманстрацыі грамадствам фігі ў кішэні.

Нават тыя дзеячы культуры, якія з’яўляюцца сябрамі «Адзінай Расіі», нават федэральныя СМІ, якія раней цалкам падтрымлівалі кожны крок улады, вельмі негатыўна паставіліся да восеньскай ракіроўкі Пуціна і Мядзведзева.
Асабліва калі тыя паведамілі, што гэтая ідэя распрацоўвалася цягам усіх чатырох гадоў. Нават
у федэральных СМІ адчуваецца таемная агрэсія, якую яны ледзь стрымліваюць.
Што тычыцца пратэстаў, то тут час пакажа, якія сродкі былі правільнымі — калі зменіцца ўлада. Калі гэтага не адбудзецца, то ўсё, чым мы займаемся, выявіцца лухтой і глупствам.

«НН»: Чаго ва ўсёй гэтай сітуацыі не хапае расійскай літаратуры?

ЗП: Усяго хапае —

расійская літаратура цяпер у вельмі добрым стане, тут ёсць усё, што трэба. Разумееце, літаратура не мусіць скакаць паперад свайго часу.
Цяпер у нас няма напрыклад міфаў і эпасу, аднак сёння стварэнне міфаў будзе выглядаць па-ідыёцку. Ці вось няма сямейнага рамана, які калісьці быў, няма культу сям’і — аднак у рэальным жыцці яго таксама няма. Пры гэтым вельмі
таленавітых пісьменнікаў у Расіі шмат — Дзмітрый Быкаў, Эдуард Лімонаў, Андрэй Бітаў і шмат іншых. Калі ўзяць сучасную расійскую літаратуру, то можна налічыць не менш за дзесяць сучасных пісьменнікаў вартых Нобелеўскай прэміі.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру