18 лістапада Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны прыняло заяву ў сувязі з сітуацыяй вакол часопіса «Бярозка».
«Як стала вядома са сродкаў масавай інфармацыі, з наступнага года спыняе сваё самастойнае існаванне беларускамоўны дзіцячы часопіс „Бярозка“. Гэта
выданне на працягу дзясяткаў гадоў несла беларускае слова ў беларускую школу, выхоўвала патрыятызм і любоў да беларускай мовы і культуры ў нашых дзетак.
У сувязі з гэтым мы
заклікаем грамадзян Беларусі неадкладна звяртацца да беларускага ўрада з патрабаваннем захаваць выхад часопіса „Бярозка“ і аб’явіць падпіску на гэтае выданне на наступны год, год юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка», — гаворыцца ў заяве.





