«Наша Ніва»: Спадар Сяргей, ці азначае сённяшняя інтэграцыя ў рамках «тройкі» спыненне існавання саюза Беларусі і Расіі?

Сяргей Мусіенка: Я б сказаў, што гэта яго развіццё. Пры ўсёй маёй нелюбові да Паўла Барадзіна, ён гаварыў, што гэты саюз мусіць пашырацца. Называў самыя міфічныя краіны. Казахстан — гэта краіна рэальная. І сённяшняе ўтварэнне робіцца на аснове вопыту саюзнай дзяржавы, хай і не вельмі ўдалага. Што рабіць са структурамі саюзнай дзяржавы — пытанне дыскусійнае. Пасля сыходу Барадзіна, магчыма, адбудуцца нейкія рэарганізацыйныя моманты.

«НН»: Еўразійскі саюз стане больш паспяховым за саюз Беларусі і Расіі?

СМ: Саюз з Расіяй не задаўся ад самага пачатку. Не было яснага разумення, што мы ад яго хочам. Не было расійскага інтарэсу ў ім. Сёння, выглядае, усё будзе інакш. І нават змяншэнне цаны на газ можа пра гэта сведчыць. Немагчыма, каб на адным інтэграцыйным утварэнні былі настолькі перакошаныя цэны. Для Казахстана Еўразійскі саюз мае вялікае значэнне, асабліва ў плане транспарціровак. Раней яны не маглі часам дасягаць еўрапейскага рынку праз вялікія адлегласці. Зараз праблем у іх не будзе.

«НН»: Што Беларусі дасць Еўразійскі саюз?

СМ: Вялікі рынак у 200 мільёнаў чалавек [165 мільёнаў — Рэд.]. Усё ж нашы тавары больш пасуюць для гэтай тэрыторыі. Гэта і адсутнасць моўнай мяжы, падобная ментальнасць. Рабіліся крокі і для больш цеснага супрацоўніцтва ў процілеглым кірунку, але крокаў у адказ так і не дачакаліся. Не ўвесь жа час чакаць. Расія, Казахстан — добрыя выхады для нашых прадуктаў.

«НН»: Адзіная валюта Еўразійскага саюза — гэта можа быць рэальным?

СМ: Ва ўсім свеце існуюць аднолькавыя інтэграцыйныя правілы. Калі гаворка ідзе пра такі саюз у Лацінскай Амерыцы, то чуецца пра адзіную валюту. Тое ж у Персідскай затоцы ці ў Еўропе. Калі Еўразійскі саюз добра сябе зарэкамендуе, то гэта магчыма.

«НН»: Ёсць небяспека, што вялікія дзяржавы Расія і Казахстан будуць дыктаваць свае ўмовы ў саюзе?

СМ: Нам заўсёды было цяжка. Толькі па шчаслівым збегу абставін не кінула нас пад крыло Расіі ў 1993–94¬м. Тады людзі б з радасцю пайшлі на такое. За гэты час мы сталі разумець сябе як нацыю. Каштоўнасці беларусаў цяпер мала чым розняцца ад каштоўнасцей літоўцаў — мова, гісторыя. Мы сталі адрозніваць сябе ад расейцаў. У нас іншая мова, псіхатып, і гэта немагчыма сцерці. У такіх умовах важнае месца павінны заняць культурныя эліты нацыі — паказаць нашу адметнасць. Безумоўна, пагрозы ёсць. Таго ж засілля расейскай мовы.

«НН»: Па апытаннях ЕСOOМ, якая дынаміка паміж прыхільнікамі інтэграцыі з Расіяй і Еўрасаюзам?

СМ: Людзі хочуць жыць у сваёй краіне. Яны супраць паглынання як Расіяй, так і Еўрасаюзам. Такія тэндэнцыі існуюць апошнія 6¬7 гадоў. Хаця я думаю, ніякага аншлюсу ці захопу не будзе. Мне таксама не падабаецца, што ў нас шмат расійскіх банкаў. Хацелася б бач ыць і літоўскія, і польскія. Нельга дапусціць дамінавання ў нас адной краіны, не важна якой. Для гэтага трэба шмат працаваць.

***

Сяргей Мусіенка нарадзіўся ў 1964 ва Умані Чаркаскай вобласці (Украіна). З 2003 узначальвае аналітычны цэнтр ECOOM. Суаўтар кнігі «Куды ідзём? Беларусь, Расія, Украіна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?