Помыслы ў сэрцы ў чалавека —
    Глыбокія воды,
    Але чалавек разумны
    Вычэрпвае іх.
    Выслоўі, 20:5

Вуліцы Крашэўскага ў Пружанах, вядома, няма. Анягож: знакаміты зямляк, пісьменнік, унесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як самы пладавіты ў свеце аўтар, што напісаў каля шасцісот(!) тамоў мастацкай літаратуры і публіцыстыкі; выдавец і рэдактар дзясятка газетаў і часопісаў, мастак, этнограф і палітычны вязень, паводле твораў якога Вялікую Літву і Рэч Паспалітую ўяўлялі цэлыя пакаленні, Юзаф Ігнацы Крашэўскі сам вызначаў сябе як чалавека з ліцвінскім сэрцам.

І вось камусьці з удзячных нашчадкаў акурат да 200¬годдзя Крашэўскага спатрэбілася разбурыць у ягонай родавай сядзібе ў Доўгім, за 7 км ад Пружанаў, старажытны склеп з пахаваннямі. У Старым Купліне, якім валодала знакамітая сям’я (апроч Юзафа Ігнацыя, ягоныя браты, пісьменнік і астраном Каэтан ды мастак Люцыян Крашэўскія), — тагачасныя капліцу і свіран, а ў Купліне сённяшнім замест музея размясціць спецкамендатуру для «хімікаў» з усяго наваколля.

Выходзіш з каменды на працу, трушчыш восеньскае золата, срэбра ды медзь на дарожцы, і ў шалясценні лісця старых дрэваў, што памятаюць ХІХ стагоддзе, і ў трапятанні птушынага пер’я у прысадах старасвецкае сядзібы, ператворанай у вайсковы гарадок і потым закінутай, чуеш, як з рыпеннем пяра па паперы падаюць спісаныя лісты на стол у доме Крашэўскіх.

Народжаны ў навальнічным 1812, падданы царскай Расіі, арыштаваны ў 1830 у Вільні на 1,5 года за сувязь з паўстанцамі, ледзь уратаваны ўцёкамі ў 1863, судзімы за «шпіянаж супраць Прусіі» ў 1883 (зноў 1,5 года ў крэпасці ў Магдэбургу), пішучы цягам усяго жыцця, Крашэўскі адзінаасобна нанёс такі ўдар імперыі, усю магутнасць якога яна адчула толькі праз дзесяцігоддзі — у 1918, з паўстаннем Другой Рэчы Паспалітай, у 1980, калі «Салідарнасць» узломвала лёд маскоўскага камунізму. 600 тамоў Крашэўскага сталіся дынамітам, закладзеным у падваліны свядомасці паняволеных палякаў — і спрацавалі праз некалькі пакаленняў па ўсёй краіне мацней, чым арсеналы паўстанцаў.

Пабожны каталік, Юзаф Крашэўскі ўрабляў у паляках тое поўнае плёну ўроднае поле веры, надзеі і любові да Радзімы, на якім пасля збіралі і чытач Крашэўскага Пілсудскі, і чытач Крашэўскага Валенса, і чытач Крашэўскага Ян Павал ІІ.

У кнігі Крашэўскага глядзіш праз стагоддзі, бы ў люстра, і пазнаеш у сённяшняй Беларусі тую, вялікалітоўскую, родненькую: тое, што ў Міцкевіча — эпічная паэзія, у Караткевіча — прыўкрасная легенда, у Крашэўскага — само жыццё як яно ёсць. У вобразах Вітаўта і Ягайлы, Януша Радзівіла і Станіслава Панятоўскага, Пане Каханку і Караля Хадкевіча — у словах, абліччах, сварках, подзвігах і слабасцях, ува ўсёй невынішчальнай ліцвінскай беларускасці ўгадваем і соймавага маршалка Шушкевіча, і шляхціца Статкевіча, і ваяводу Казуліна, і князя Мілінкевіча, і магната Някляева, і караля Зянона.

Мова з беларусізмамі ды ўкраінізмамі, гісторыя Польшчы і Літвы, жыццё ў Дрэздэне і Жэневе — у грудзях Крашэўскага білася сэрца Еўропы, зроднае Скарыну, Міцкевічу, Мілашу.

Працаголік Крашэўскі пісаў так, што чытачы не паспявалі прачытваць, а выдаўцы — выдаваць. У неверагоднай плоднасці Крашэўскага, як і ў велічыні асобаў, спароджаных адной сям’ёй, адным коранем, скразіць набрынялая водамі і тоўшчамі гісторыі, крывёю і жалезам, гніллю і жыццёвай сілай дрымотная і стоеная беларуская глыбіня.

Тым вечным беларускім жалейнікам, хто ные ды апускае рукі, — маўляў, народ, як дрыгва, няма моцы, душаць. А аднаму рэжым ды імперыю не пераламаць — трэба прыехаць сюды, у Куплін, утаропіцца ў апетыя Юзафам Крашэўскім глыбокія-глыбокія люстраныя балацявіны, і, добра ўгледзеўшыся, убачыць адказ: ЯК.

У ліпені наступнага, 2012, Юзафу Ігнацыю Крашэўскаму спаўняецца 200. Рыхтуецца Польшча, памятаюць берасцейскія ды пружанскія краязнаўцы — а Беларусь…

Калі ўжо беларус нарэшце пазнае ў Крашэўскім сябе?

У самым глухім куце зямлі, у самы змрочны час, на самым дне гісторыі і адзін чалавек здольны перамагчы, калі разам з гэтым чалавекам у асабістай свабодзе, веры, моцы і працы — Бог.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. Карані ў крыві

Беларуская глыбіня. Пад сэрцам Еўропы

Беларуская глыбіня. Удых.

Беларуская глыбіня. Сем сыноў Ёва

Беларуская глыбіня. Частка І

Беларуская глыбіня. Каменда

Беларуская глыбіня. Ластаўкі ў стрэсе

Беларуская глыбіня. Пераўтварэнне Госпада

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?