У Беларусі асвоеная аперацыя па ўжыўленні пацыенту штучных вушэй, паведаміла дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра отарыналарынгалогіі Людміла Макарына-Кібакі 23 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, аперацыя рэкамендаваная людзям, у якіх вушныя ракавіны адсутнічаюць у сілу прыроджаных анамалій развіцця або няшчасных выпадкаў (напрыклад, з-за пажару).

Там, дзе павінны быць размешчаныя вушныя ракавіны, устанаўлiваюцца металічныя апоры, а на іх — пластыкавыя вушныя ракавіны. Па памерах і колеру яны падбіраюцца індывідуальна і нічым не адрозніваюцца ад звычайных
вушных ракавін. Ужо зроблена пяць такіх аперацый, запланаваныя яшчэ дзве. Альтэрнатыўны метад аднаўлення вушэй -узяць храсток з рэбернай дугі і сфармаваць з яго вушную ракавіну ў некалькі этапаў. Гэтая аперацыя больш траўматычная, акрамя таго, не заўсёды створаная такім чынам вушная ракавіна выглядае эстэтычна, адзначыла спецыяліст.

У цэнтры за спонсарскія грошы «Белаграпрамбанка» ствараецца лабараторыя па вырабе пластыкавых штучных вушэй. З 2012 па 2015 гады такія лабараторыі плануецца стварыць у кожным абласным цэнтры.

Па словах прадстаўніцы РНПЦ отарыналагінгалогіі, за год у цэнтры асвоена 16 новых хірургічных тэхналогій, яны пачынаюць укараняцца ў абласцях. У іх ліку аперацыі па касцяной імплантацыі апаратаў Баха, рэкамендаваных пацыентам, у якіх адсутнічаюць вонкавыя слыхавыя праходы. Аперацыя дазваляе без рассвідроўвання слыхавога прахода ўсталёўваць у чэрапе спецыяльныя апараты касцяной праводнасці. Таксама ўкаранёная методыка па паляпшэнні слыху для людзей з анамаліямі слыхавых костачак — імплантацыя сярэдняга вуха сістэмай Vibrant.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?