Беларускі бок вызначыўся з тэхнічнымі момантамі па малому прыгранічнаму руху з Латвіяй. Гэтыя аспекты вызначаны Саветам Міністраў Беларусі ў пастанове нумар 1576 ад 22 лістапада 2011 года.

У прыватнасці,

дакумент вызначае парадак складання спісаў жыхароў прыгранічных тэрыторый Беларусі і ўзгаднення спісаў жыхароў такіх тэрыторый, якія знаходзяцца на латвійскім баку.
Спісы будуць складацца кампетэнтнымі органамі, якія вызначаны беларуска-латвійскім міжурадавым пагадненнем, на падставе заяў ад саміх грамадзян. Акрамя таго, жыхарам прыгранічных тэрыторый неабходна будзе прадаставіць і шэраг дакументаў, сярод якіх копія сапраўднага пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або дакумента для выезду за граніцу. Тыя, хто яшчэ не дасягнуў 16-гадовага ўзросту або недзеяздольныя, уносяцца ў спісы на падставе заяў ад законных прадстаўнікоў. Пасля прыняцця заявы, кампетэнтны орган правярае інфармацыю аб месцы і тэрмінах пражывання грамадзяніна. Таксама ўдакладняецца, ці ёсць у чалавека падставы для шматразовага наведвання прыгранічных тэрыторый Латвіі.
Спісы жыхароў прыгранічных тэрыторый будуць спачатку накіроўвацца ў Верхнядзвінскі, Міёрскі і Браслаўскі райвыканкамы, а потым у Віцебскі аблвыканкам.
Гэты орган у сваю чаргу будзе перадаваць дакументы ў Консульства Латвіі ў Віцебску для ўзгаднення з латвійскім бокам. Аналагічныя спісы ў Латвіі будуць таксама перадавацца ў Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе для ўзгаднення з беларускімі ўладамі. З дыпмісіі яны будуць паступаць у Віцебскі аблвыканкам, а потым ва ўжо названыя райвыканкамы, якія перададуць іх электронныя копіі для ўзгаднення ў органы ўнутраных спраў і дзяржбяспекі. Праваахоўнікі павінны будуць праз 20 дзён паведамляць аб выніках узгаднення.
Гэта пастанова ўступае ў сілу з таго моманту, калі пачынае дзейнічаць пагадненне паміж урадам Беларусі і ўрадам Латвіі аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў прыгранічных тэрыторый Рэспублікі Беларусь і Латвійскай Рэспублікі ад 23 жніўня 2010 года.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?