Справа аб тэрарызме атрымала велізарны рэзананс у грамадстве. Адкрыты працэс, які павінен быў супакоіць беларусаў, даказаць несістэмны характар тэрактаў і сістэмнасць мер, што прымаюцца дзяржавай, пасеяў яшчэ большыя сумневы ў бяспецы нашага паўсядзённага жыцця.

Шэраг пытанняў так і застаўся за рамкамі судовага следства: як выйшлі на кватэру, дзе знаходзіліся Канавалаў, Кавалёў і Пачыцкая, ці мог Канавалаў зрабіць выбуховую прыладу ў склепе без выцяжкі і спецабсталявання, ці быў у яго матыў?
Гэтыя пытанні з’яўляюцца ключавымі для разумення сутнасці здзейсненага тэракту. Журналісты агенцтва «Інтэрфакс-Захад» сталі праводзіць сваё расследаванне. Пасля серыі публікацый з імі звязаўся чалавек, блізкі да следства. На ўмовах ананімнасці ён пагадзіўся адказаць на некаторыя пытанні, асвятліць невядомыя раней шырокаму колу акалічнасці гэтай справы.

— Першае, ключавое пытанне: як выйшлі на кватэру на вул. Караля? Як удалося практычна праз суткі пасля тэракту затрымаць нікому раней не вядомага Дзмітрыя Канавалава? У ходзе судовага следства гэтае пытанне так і засталося без адказу, што спарадзіла версію пра наводку на Канавалава.

— Усю ноч аператыўнікі праглядалі запісы камер відэаназірання на «Кастрычніцкай». Шукалі людзей з сумкамі, з багажом. І толькі праз чатыры гадзіны канчаткова спыніліся на падазраваным, які пасля затрымання і выявіўся Канавалавым. У гэты перыяд на станцыі камеры зафіксавалі некалькі падазроных людзей з масіўнымі сумкамі. Аднаго з іх сталі «весці», калі пераканаліся, што толькі ён дзесьці «страціў» сумку.

Спачатку меркавалася, што ён працуе не адзін, палічылі «куратарам» мужчыну сталага веку [на яго звяртаў увагу ў сваім выступе адвакат Станіслаў Абразей — ІФ], звярталі ўвагу на жанчыну, якая быццам абменьвалася поглядамі з Канавалавым. Усіх іх пасля знайшлі, з усімі гаварылі, правяралі на паліграфе, так званым «дэтэктары хлусні». Усе яны аказаліся ні пры чым. У метро Канавалаў быў адзін.

Пасля гэтага вылічылі, адкуль ён прыехаў — станцыі «Купалаўская», «Фрунзенская». Яго спробы канспіравацца, сыходзіць з-пад аб’ектываў відэакамер, нацягнутая да броваў шапка, вядома ж, ускладнілі працу аператыўнікаў. Але ўсяго ўлічыць немагчыма.

Ён 10 красавіка заходзіў на «Фрунзенскай» і выходзіў на «Фрунзенскай» і 11-га заходзіў там жа, а пасля выбуху ён ішоў па лініі метро і зноў трапіў у поле зроку тых жа камер назірання.

Вылічылі квадрат, адкуль прыйшоў Канавалаў: вуліцы Сухая, Раманаўская Слабада, Калектарная, Няміга. Гэта невялікі квартал і жылля там няшмат. Да поўдня 12 красавіка ў следчых ўжо было падрабязнае апісанне Канавалава, атрыманае пры аналізе камер метро: адзенне, рост, узрост, характэрная сутуласць.

Больш за тое, быў ужо ўмоўны партрэт, зроблены з відэазапісаў вонкавых камер, усталяваных на Кастрычніцкай плошчы, куды ён вяртаўся, каб паглядзець, што адбываецца каля метро пасля выбуху. Астатняе — справа тэхнікі. Пайшлі па раёне — крамах, прыпынках.

І тут упершыню ўдача адвярнулася ад Канавалава.

Ён выходзіў 12-га красавіка ў краму. У той жа вопратцы, што і быў у метро! І ў краме ён сутыкнуўся з аператыўнымі супрацоўнікамі.
Далей яго проста давялі да хаты.

* * *

Дарэчы, у судзе Кавалёў даваў паказанні, што ніхто 12-га з кватэры не выходзіў, а абвергнуць гэтыя паказанні не было каму. Чаму ж не былі выкліканыя тыя, хто яго вылічыў? Чаму мы не ведаем таго шчасліўчыка, які сутыкнуўся з ім тварам да твару? Магчыма, ён опер, якому нельга «свяціцца», але яго можна было дапытаць на закрытым пасяджэнні, не паказваючы твар і змяніўшы голас. Прэцэдэнты ў нашай Феміды ёсць. Але гэта ўжо, як кажуць гаварыцца, пытанні да следства.

— Ці ёсць доказы, што ў метро выбухнула менавіта сумка? І чаму ў целах загінулых і пацярпелых практычна не было паражаючых элементаў бомбы — гаек, балтоў?

— Сапраўды, відэа, якое пацвярджае, што Канавалаў паставіў сваю сумку каля лаўкі і адышоў, няма — гэтыя пару метраў перона знаходзяцца па-за зонай ахопу камер назірання. Але ён прыйшоў на станцыю з торбай і пайшоў без торбы. Хутчэй за ўсё, ён паставіў сумку побач са лаўкай і пачакаў, пакуль прыйшла электрычка —
яго суседзі па пероне змяніліся, а тыя, хто падышоў пазней, ужо маглі ўбачыць чалавека без сумкі і сумку, якая стаіць каля лаўкі, на якой, хутчэй за ўсё, сядзелі іншыя людзі.

Участак столі, пашкоджаны паражаючымі элементамі, мае веерападобную форму. Асколкі пайшлі не ў навакольных людзей, а ў столь. Гэта пацвярджаецца матэрыяламі следства. У ходзе следчага эксперыменту па вырабе прылады, выкарыстанага 11 красавіка, Канавалаў паказаў, што размясціў паражаючыя элементы ў сумцы — над слоікамі з выбухоўкай. А людзі гінулі і былі траўмаваныя ў асноўным ад баратраўмаў — хвалі высокага ціску і асколкаў каменя, якім аздобленая станцыя метро.

А 

тое, што выбухнула менавіта торба, пацвярджаецца выяўленымі ў ходзе дэтальнага даследавання месца выбуху фрагментамі: тканіны, маланкі.

— Чаму не знойдзены пульт, які ініцыяваў выбух у метро?

— Канавалаў распавёў следству, што ён выкінуў пульт у смеццевы бак у раёне плошчы Свабоды. Праўда, некалькі разоў паказваў розныя бакі. Колькі тон смецця было перабрана на гарадской звалцы, колькі мабільнікаў, будзільнікаў было знойдзена! Але безвынікова. Хутчэй за ўсё, ён проста здзекаваўся.

Мяркуючы па яго маршруце: ён выйшаў пасля выбуху на «Купалаўскай», прайшоў міма будынка Адміністрацыі, пазіраючы чамусьці на вокны будынка, спусціўся да цырка, потым да ракі, — пульт ён выкінуў у Свіслач.
Потым па другім баку падняўся да Палаца Рэспублікі і нейкі час назіраў за тым, што адбываецца на плошчы, куды ўжо з’ехаліся машыны хуткай дапамогі, МНС, дзе ўжо ляжалі параненыя і забітыя.

— Чаму ж Канавалаў не баяўся дачаснага выбуху — дазваляў таксісту даволі нядбайна ставіць торбу з выбухоўкай у багажнік? Ды і выбуховае прыстасаванне, выяўленае ў 2008 годзе, людзі штурхалі нагамі.

— А чаго яму баяцца? У метро ў яго ў бутлях была салетра, змешаная з алюмініевай пудрай і іншымі кампанентамі. Ён мог хоць з 9 паверха кідаць гэтую сумку, у агонь кідаць — хіба што заіскрылася б.

Гэта брызантнае выбуховае рэчыва — рэчыва, якое само не ўзарвецца. Яго трэба ініцыяваць, гэта значыць патрэбен маленькі выбух, каб пайшла ланцуговая рэакцыя. Менавіта для гэтага і патрэбен быў узрывальнік з трыперакісам ацэтону. Калі узрывальнік не актываваны, яму таксама нічога не пагражае.

У 2008 годзе прыладу з вялікай колькасцю трыперакісу ацэтону хіба што не футболілі.

Свежы трыперакіс — вельмі ўстойлівае рэчыва. Тое, што апошнім часам пішуць пра «кісу», не зусім адпавядае рэчаіснасці. Яе выбуханебяспечнасць расце толькі з часам.

— Дзе выраблена выбуховае прыстасаванне, якое не выбухнула ў 2008 годзе? Чаму расійскія эксперты прыйшлі да высновы, што Віцебск у рэгіён вырабу выбуховай прылады не ўваходзіць? І адкуль на ім адбіткі пальцаў невядомых? І чаму эксперты палічылі што тая прылада, якая выбухнула, і тая, што не выбухнула, зробленыя рознымі людзьмі?

— Сапраўды, доўгі час лічылася, што прылады 2008 вырабляліся групай асоб, прафесіяналамі. Версія «настаўніка і вучня», якая з’явілася тады ж, у 2008 годзе, завяла расследаванне ў тупік. Але гэтая версія вытлумачальная. Да 2008 года пагроза тэрарызму для Беларусі была толькі гіпатэтычнай. Пасля выбухаў на Дзень Незалежнасці мы кансультаваліся з расійскімі экспертамі, з ізраільскімі. Але ў кожнага з іх свая лінія, абумоўленая ўнутранымі фактарамі. Так, расейцы бачаць ва ўсім каўказскі след, ізраільцяне — арабскі. Які ў нас араба-каўказскі след!

Ключавы сумнеў — гэта высновы экспертаў ФСБ аб зоне вырабу выбуховай прылады на аснове аналізу пылку раслін, выяўленай на яго элементах. Чаму гэтую экспертызу рабіла ФСБ? — Бо 

толькі ФСБ валодае унікальнай базай для правядзення падобных экспертыз на падставе пылку раслін, сабраных з усяго былога СССР
. Тады была ідэя стварыць адзіную адчыненую базу, якой усе маглі б карыстацца, не толькі спецслужбы, але, у першую чаргу, медыкі. Аднак, па шэрагу прычын, сёння гэтая база засакрэчаная і знаходзіцца ў выключным падпарадкаванні ФСБ.

Ведаю, што маладыя беларускія навукоўцы, якія цікавяцца тэматыкай палінамарфалагічных даследаванняў, на працягу некалькіх гадоў праводзілі даследаванне на наяўнасць пылку граба, бука і іншых рэдкіх раслін у розных рэгіёнах Беларусі. Менавіта па арэалах вырастання граба і бука расейцамі быў вызначаны рэгіён вырабу фрагмента бомбы. Але з моманту збору узораў прайшоў не адзін дзясятак гадоў, змяняецца клімат, змяняюцца арэалы росту раслін. Хто дзесяць гадоў таму ведаў пра баршчэўнік, які ў апошнія гады апанаваў беларускія лясы? Вызначыць жа наяўнасць у пыле пылка бука і граба — пылок гэтых раслін фігураваў у справе — нескладана. Ён захоўваецца на працягу некалькіх гадоў у месцах, абароненых ад сонца і вільгаці. Гэта можа зрабіць любы батанік з мікраскопам. Высновы былі сенсацыйнымі! Сляды красавання ўсіх гэтых раслін былі выяўленыя ў Віцебску менавіта ў раёне ДСК. Супадзенне пылка — 99%!

Разумеючы, што гэтая экспертыза з’яўляецца адным з ключавых момантаў у справе,

беларускія спяцы аблазілі ўсю краіну ў пошуках месцаў, дзе могуць адначасова расці расліны, не характэрныя ў цэлым для нашага рэгіёну. Тлумачэнне прыйшло пасля аналізу пробаў, узятых па ўсёй Беларусі. Аналагічны склад пылку знойдзены ў раёне Мірскага замка, Нясвіжа і шэрагу іншых раёнаў старадаўняй забудовы. ДСК — гэта стары раён, там калісьці была сядзіба, а за некалькі кіламетраў ад яго размешчаны біялагічны заказнік, званы ў народзе «Чортава барада». А ў ХІХ стагоддзі было вельмі папулярна засаджваць маёнткі экзатычнымі тады раслінамі, у лік якіх траплялі грабы і букі.

— Чаму Канавалаў не актываваў першую выбуховую прыладу ў 2008 годзе? Узрывальнік знаходзіўся ў выключаным становішчы.

— Узрывальнік знаходзіўся ў становішчы выключана, калі выбуховае прыстасаванне патрапіла на экспертызу да выбухатэхнікаў. Але ўспомніце, што казалі хлопцы, якія яго знайшлі: хацелі выпіць соку, адкрылі вечка — і выскачыў тумблер. Магчыма, тумблер быў узведзены, але пры адкрыцці вечка ланцуг размыкаўся. Гэта магло быць зроблена з меркаванняў бяспекі выканаўцы: калі нешта пойдзе не так, адкрыў пачак з сокам і ўсё — прылада адключаецца.

— Чаму на выбуховай прыладзе, якое не выбухнула, выяўленыя адбіткі пальцаў невядомых?

— Таму што пасля знаходкі яго краталі, нюхалі, груба кажучы, лізалі ўсё каму не лянота. Неапраўданы гераізм, што мяжуе з глупствам. Але гэта таксама можна растлумачыць тым, што мы не гатовыя былі тады да тэрактаў. І гэта выбуховае прыстасаванне першапачаткова ўспрымалі, як муляж. Два гады спецслужбы і міліцыя шукалі спецыялістаў, якія ў пальчатках і масцы рабілі выбуховае прыстасаванне. Правяралі хімікаў, студэнтаў-хімікаў, але ніхто не правяраў школьнікаў, што мелі ў апошнія гады поспехі ў хіміі.

— Дарэчы і сабака не адрэагаваў на гэта выбуховае прыстасаванне, нягледзячы на тое, што ў яго склад уваходзіў траціл?

— Гэта таксама ўмацавала сапёраў ў меркаванні, што гэта муляж. Але сабака, па-першае, можа эфектыўна працаваць у такім натоўпе толькі непрацяглы час, потым ёй трэба адпачынак. Па-другое, перакіс ацэтону мае вельмі моцны пах, які адбівае пах трацілу. Акрамя таго, траціл быў плаўлены, што таксама памяншае яго пах.

А тая акалічнасць, што Канавалаў паставіў пакет з бомбай нібыта за ачапленнем, а выявілі пакет да ачаплення, таксама вытлумачальная. Блытаніна паняццяў. Ачапленне тады было толькі там, дзе знаходзіліся ахоўваныя асобы, далей было не ачапленне, былі патрулі, якія маглі папрасіць паказаць, што ў сумцы, а маглі і не папрасіць.

— Чаму Канавалаў не сабраў на следчым эксперыменце дакладную копію выбуховай прылады ў метро, а таксама выбуховых прылад, ужытых на Дзень Незалежнасці 2008 года? Чаму ў ходзе эксперыменту ўжываліся розныя заменнікі (мука, пясок, макароны, цукеркі), а не сапраўдныя рэчывы і элементы?

— Цяжка сказаць, чаму Канавалаў нібыта памыліўся. Я думаю, ён проста здзекаваўся. Хоць рукамі дзейнічаў прафесійна, гэта выразна відаць на відэазапісах следчага эксперыменту. Любы псіхолаг-пачатковец скажа, што вызначыць ці хлусіць чалавек, фантазіруе, або спрабуе нешта ўспомніць, можна не толькі па яго рухах, але і па яго погляду, інтанацыі, міміцы і шэрагу іншых прыкмет.
Ужыванне ў ходзе следчага эксперыменту рэчываў і элементаў, якія імітуюць сапраўдныя, абумоўлена, у першую чаргу, пытаннем бяспекі. Дзе гарантыя, што ён не паспрабуе падарваць сабраную ім прыладу? На следстве ён наогул даваў шмат ілжывых дэталяў, ад якіх потым адмаўляўся. Але ўсе яго словы правяраліся, ён гэта ведаў і прымушаў следства «папрацаваць».

— Адно з ключавых пытанняў: ці магчыма вырабіць такія выбуховыя прылады ў неабсталяваным склепе, без вентыляцыі, выцяжкі?

— Пытанне — што вырабіць? Калі казаць аб выбуховай прыладзе 2008 года, яно складалася з трацілу і трыперакісу ацэтону вагой каля 200 г. Так,

за адзін раз столькі «кісы» складана вырабіць без выцяжкі, але ў некалькі заходаў гэта магчыма.
Трыперакіс не такое ўжо небяспечнае рэчыва, як у нас падаюць. Яно выкарыстоўвалася тэрарыстамі з канца ХІХ стагоддзя. У 80-я гады праваахоўнымі органамі адной з арабскіх краін было выяўлена выбуховае прыстасаванне, якое складаецца з 2 кг трыперакісу ацэтону. Правільна прыгатаванае рэчыва стабільнае. Нестабільным яно робіцца з часам. Але яго можна даволі доўга захоўваць у спецыяльным растворы. Увогуле, трэба ўмець з ім абыходзіцца.
Калі ж казаць пра выбуховую прыладу 2011 года, на яго выраб пайшло няпоўныя 3 дні ад 5 да 8 красавіка. Па сутнасці з трыперакісу Канавалаў зрабіў толькі ініцыявальны зарад вагой каля 20 г. Усё астатняе — салетра і іншае — было набыта ў суседняй краме і змяшана літаральна за паўгадзіны.
Акрамя таго, зімой і вясной гэтага года
ён выпрабоўваў выбуховыя прылады падобнага тыпу, гэта ўсё ёсць на яго фота і відэа.
Але выпрабоўваў на адкрытай прасторы. Відавочна, што сіла, з якой бомба выбухнула на станцыі, гэта значыць у прасторы закрытай, была нечаканасцю для самога Канавалава.

— У судзе гаварылася, што стымулам да вырабе выбуховага прыстасавання стала дактыласкапіяванне Канавалава. Але адбіткі пальцаў у яго знялі толькі 9 красавіка. Дык што ж яго падштурхнула?

— Увечары 4 красавіка ён атрымаў пазоў аб неабходнасці з’явіцца для дактыласкапіі, там было ўказана, што ў адваротным выпадку ён будзе дактыласкапіяваны прымусова. На раніцу ён патэлефанаваў свайму майстру і сказаў, што захварэў і сышоў у склеп. Следчыя прааналізавалі яго тэлефанаванні. Калі раней ён кожную гадзіну ці размаўляў з кім-небудзь ці ўваходзіў у інтэрнэт, дык пачынаючы з 5 чысла ён практычна спыніў зносіны. На ўсе прапановы сяброў сустрэцца ён адказваў адмовай. Да 8-га красавіка ён зрабіў выбуховую прыладу і абтэлефанаваў усіх сяброў, арганізаваў сустрэчу.
Падобна на тое, развітваўся з імі. Дадому прыйшоў да 2-й гадзіны ночы. Таму эксперты, якія прыйшлі 9-га здымаць адбіткі пальцаў да яго дахаты, з цяжкасцю яго пабудзілі ў 11 гадзін.

А тое, што ў яго рукі не пацелі ад страху, як казаў на следстве эксперт, дык ён вельмі дрэнна сябе адчуваў і не вельмі добра думаў, разважаў. Канавалаў заўсёды вельмі цяжка перажываў пахмелле.

Для падстрахоўкі пасля гэтага ён знайшоў кватэру ў Віцебску на суткі, адвёз туды выбуховую прылада, потым паехаў на вакзал і купіў білет у Мінск.

— Яго знаходжанне ў Мінску таксама не да канца праясненае ў судзе. Што за жанчына знаходзілася ў здымнай кватэры на вул. Караля, калі туды прыйшлі Кавалёў і Канавалаў? Што за картка расійскага аператара сотавай сувязі Мегафон была выяўленая?

— Кватэра на Караля здавалася канвеерам. Дакладней,

яна была здадзеная на працяглы тэрмін аднаму чалавеку, які пераздаваў яе на суткі без ведама гаспадара. Таму нічога дзіўнага ў тым, што жыхары маглі сутыкнуцца, не было, як і ў тым, што ў кватэры маглі быць выяўленыя сім-карты.

* * *

Тады можна весці гаворку пра лжэсведчаньне рыэлтараў, якія сцвярджалі, што да Канавалава кватэра нікому не здавалася. І незразумелая пазіцыя суда, які адмовіўся даследаваць картку Мегафона…

— Ці аказвалі на Канавалава і Кавалёва ціск у камеры? Чаму яны адмаўляюцца ад паказанняў?

— Пры затрыманні сіла, безумоўна, была ўжытая. А як інакш можна затрымліваць чалавека, які падазраецца ў тэрарызме? А раптам у яго граната ў руках, раптам у яго пояс шахіда? Спачатку яго трэба знерухоміць, а потым ужо размаўляць. Гэта правіла!

Які ціск?! З яго парушынкі здзьмухвалі. Ды і што яму перашкаджала скардзіцца адвакату.

А паказанае па тэлебачанні на першы погляд жорсткае канваяванне — неабходная мера, якая ўжываецца да асабліва небяспечных злачынцаў. Ды і Канавалаў з Кавалёвым не кулёк цукерак скралі.

Канавалаў у першыя дні прызнаў ўсе выбухі, у тым ліку і віцебскія, але

калі яго павезлі на следчы эксперымент у Віцебск, штосьці з ім адбылося, ён закрыўся і адмовіўся ад усіх віцебскіх эпізодаў. Гэта «местачковая» псіхалогія — не паскудзіць там, дзе жывеш. Спачатку ён выйшаў за межы ДСК, потым за межы Віцебска.

Дарэчы, вялікая колькасць віцебскіх эпізодаў у справе Канавалава — гэта не спроба праваахоўнікаў спісаць так званых «глухароў». Следства аб гэтых эпізодах даведалася ад Кавалёва. І колькі б ён ні адмаўляўся ад сваіх паказанняў, ён сам педантычна і ініцыятыўна распавядаў, што, дзе і калі здзяйсняў Канавалаў. Можна праверыць у справе. Спачатку ідуць паказанні Кавалёва, а потым следчыя дзеянні па іх праверцы.

Ну навошта сілавікам «вешаць» на Канавалава справу, па якой ужо асуджаныя людзі [выбух кіёска «Саюздруку» — ІФ]! Бо гэта сведчыць аб тым, што следства тады праведзена няякасна, што палятуць пагоны, людзі пазбавяцца сваіх пасад.

Аб усіх віцебскіх эпізодах — пад’езды, расцяжкі, кіёскі і выбухі — следству распавядаў Кавалёў. І аб сваім удзеле ў гэтым таксама. А Канавалаў да вочнай стаўкі не казаў аб удзеле Кавалёва.

— Няўжо за ім ніхто не стаяў, ніхто не «натхняў» яго, хоць бы праз інтэрнэт? Які матыў у Канавалава здзяйсняць тэракты?

— Пошук, хто стаіць за Канавалавым, — гэта была асноўная задача следства. Адказ — ніхто. Канавалаў — адзіночка, які запланаваў і здзейсніў масавае забойства грамадска небяспечным спосабам.

У справе фігуравала, што ў яго настольнай кнігай быў Крымінальны кодэкс. Але чамусьці не было адзначана, што кодэкс быў зацухмолены на арт. 289 — тэрарызм. Яго ніхто не прымушаў вывучыць фармулёўку артыкула: дэстабілізацыя сітуацыі, запалохванне насельніцтва і г.д. Ён даўно сябе да гэтага рыхтаваў. Ён ляпіў з сябе «героя»-тэрарыста. Можна сказаць, што Канавалава вяло яго другое «я».

Ён заглядзеў да дзірак такія фільмы, як «Жыццё і смерць Дэвіда Гейла», «Амерыка — наша гісторыя», «Дарога на Арлінгтан», — гэта фільмы пра тэрарызм. Любімая тэлеперадача — «Надзвычайнае здарэнне». Канавалаў нават у манеры паводзінаў, жэстах капіяваў кінагерояў, уяўляў сабой нейкі зборны вобраз з гэтых фільмаў. Ён метадычна адсочваў крымінальную хроніку ў навінах, асабліва выпускі, якія тычыліся тэрактаў за мяжой. А яшчэ ў яго было відэа катаванняў цяжарных жанчын і гэтак далей. Усё гэта ёсць у паказаннях яго сяброў і аднакласнікаў.

Чаму лекары не ўбачылі ў ім праяў паталагічнай жорсткасці? Гэта пытанне да лекараў. Але цалкам відавочна, што ён адказвае за свае дзеянні. Адзін з яго прыяцеляў-суседзяў распавядаў, што Канавалаў пачынаў сваю «кар’еру», выпрабоўваючы выбухоўку на котках — запіхваў яе ў хлебны мякіш, капаў валяр’янкі, котачка лізала «падаруначак», а яе разносіла на шматкі.

Калі паглядзець на яго пакой, які ён дзяліў з братам, дакладней яго палову, — гэта нібы дзве розныя пакоі. У брата усё, як у нармальнага хлопца — музыка, фільмы, часопісы з прыгожымі дзяўчынкамі, у Канавалава — ніякіх нармальных хлапечых інтарэсаў. Акрамя дыскаў з «чарнухай» у пакоі практычна не было нічога, ён наогул педант, акуратыст.
Канавалаў абсалютна не цікавіўся дзяўчатамі. Дзяўчаты лічылі яго цалкам бяспечным — маглі пасля прыняцця значнай колькасці алкаголю ў ніжняй бялізне легчы побач з ім спаць, абсалютна не турбуючыся за наступствы. Называлі яго «найлепшай сяброўкай». Пры гэтым хлопцы таксама лічылі яго добрым сябрам, без усялякіх нетрадыцыйных схільнасцяў.
У Канавалава былі вельмі блізкія адносіны з маці і… ніякіх адносін з бацькам. Калі ён быў падлеткам, бацька сышоў з сям’і, потым праз два гады, вярнуўся. Але Канавалаў з тых часоў не размаўляў з ім, не заходзіў у яго пакой. Ці быў яшчэ нейкі канфлікт, невядома, але бацькі адразу паверылі ў тое, што гэта ён здзейсніў тэракт.
— Дзяўчаты, котачкі, кіно… Ён маньяк?

— Не.

Маньяк — гэта адхіленне псіхікі. Канавалаў нармальны. Але ў яго была свая інтэрпрэтацыя агульначалавечых каштоўнасцяў. Зрэшты, не толькі ў Канавалава. У Кавалёва, у нейкім сэнсе, таксама. Ён баяўся стаць «стукачом», а ў выніку стаў саўдзельнікам тэракту, вінаватым у гібелі людзей…
— Чаму ж зараз Канавалаў не спрабуе выставіць сябе героем, чаму маўчыць у судзе?

— Ён нічога не будзе даказваць грамадству. Грамадства для яго шэрая маса. Ён даказаў ўсё сабе. Для сябе ён герой, першы тэрарыст ў Беларусі, і даказваць адваротнае — не ў яго інтарэсах. Пасля падзеі 2008 года сваім прыяцелям і сяброўкам ён неяк прагаварыўся: «Я страшны чалавек, але народ яшчэ будзе ўдзячны мне за тое, што я зрабіў».

…Ён хоча стаць першым тэрарыстам, заняць гэтую нішу, пакуль яна вольная.

* * *

Журналісты агенцтва «Інтэрфакс-Захад» звярталіся ў Генеральную пракуратуру і КДБ з просьбай адказаць на гэтыя ж пытанні, даць афіцыйную версію. «Усе каментары, усе інтэрв’ю будуць магчымыя толькі пасля рашэння суда», — такі адказ з абодвух ведамстваў.

Абвяшчэнне прысуду прызначанае на 30 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?