Сёньня ў Беларусі ўступіў у сілу новы закон «Аб масавых мерапрыемствах», які робіць істотна больш жорсткімі правілы правядзеньня апазыцыйных акцый і адкрывае практычна неабмежаваныя магчымасьці для спэцслужбаў і праваахоўных органаў.
У законе дадзена характарыстыка ўсіх масавых мерапрыемстваў — мітынгу, флэшмобу, пікетаваньня, вулічнага шэсьця і г.д. Пашыраецца пералік месцаў, дзе іх правядзеньне не дапускаецца.
Упершыню рэглямэнтуецца арганізацыя мерапрыемстваў праз інтэрнэт — ініцыятары ня маюць права зьбіраць людзей праз глабальную сетку, не ўзгадніўшы правядзеньне акцый зь мясцовымі ўладамі. Да атрыманьня дазволу забараняецца абвяшчаць аб даце, месцы і часе правядзеньня акцый у СМІ і інфармацыйных сетках.
Для ўсіх арганізатараў, акрамя дзяржаўных органаў, усталёўваецца так званая «платная аснова» — за ахову грамадзкага правапарадку цяпер давядзецца яшчэ і заплаціць.
Правы супрацоўнікаў праваахоўных органаў істотна пашыраюцца. Міліцыянты ў форме і цывільным маюць права агароджваць тэрыторыю з удзельнікамі дазволенага мерапрыемства, праводзіць відэа- і фотаздымкі, даглядаць грамадзян.
У выпадку, калі арганізатар парушыў усталяваны парадак, ён прыцягваецца да адказнасьці, пасля чаго на працягу году пазбаўляецца права на афіцыйную арганізацыю падобных мерапрыемстваў. Супрацоўнікі міліцыі маюць права спыніць мерапрыемства, калі ўгледзяць у ім пагрозу для навакольных.
Камэнтуючы неабходнасьць прыняцьця новага закону, кіраўніцтва МУС Беларусі не хавае, што папраўкі прынятыя «ў сувязі з апошнімі падзеямі ў сьвеце». Напярэдадні намесьнік міністра ўнутраных справаў Яўген Полудзень заявіў: «У сувязі зь неабходнасьцю не дапусьціць такіх надзвычайных здарэньняў, якія адбываюцца ў Лібіі, Эгіпце, мы хочам забясьпечыць бясьпеку нашых людзей. Гэта асноўная задача закону».
Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці канстатуюць: цьвёрдыя рамкі, у якія афіцыйная ўлада загнала сваіх апанэнтаў, робяць практычна любую спробу процідзеяньня рэжыму крымінальным парушэньнем.





