Канавалаў (стаіць злева) і Кавалёў (стаіць справа) на судзе.

Канавалаў (стаіць злева) і Кавалёў (стаіць справа) на судзе.

Віна Дзмітрыя Канавалава, які быў абвінавачаны ў здзяйсненні тэракту ў мінскім метро і іншых злачынствах, цалкам даказаная, заявіў у эфіры тэлеканала СТВ муж адной з загінулых на станцыі «Кастрычніцкая».

«На прамове абвінавачвання я прысутнічаў, на прамове абароны прысутнічаў. 30-га [лістапада] пайду на вынясенне прысуду. Я так думаю, што для Канавалава, а яго віна цалкам даказаная, на маю думку, будзе вышэйшая мера пакарання…», — сказаў мужчына. Пры гэтым ён адзначыў: «Лічу, што проста расстрэл, як папрасіла абвінавачванне на судзе, занадта лёгкая смерць».

Сваё меркаванне выказала і маці аднаго з загінулых: «Я, вядома, не юрыст. Юрыстам быў мой сын. Мяркую, што ўсё тут правільна, што гэта яны. Няма проста больш во ніякага жалю да такіх людзей. Я мяркую, што павінна быць смяротнае пакаранне, інакш можна ўсё і ўсім, разумееце?»

Гэтыя выказванні цытуе агенцтва БелТА. Як і лукашэнкаўскія тэлеканалы, яно практычна не інфармавала пра аргументы абароны Канавалава й Кавалёва. Ні разу не давалі яны слова і праціўнікам смяротнага пакарання па гэтай справе.

Тым часам у Інтэрнэце ідзе збор подпісаў супраць кары смерцю.
На ранак панядзелка пад петыцыяй падпісаліся больш за 41 тысячу чалавек.
«Людзі за самае жорсткае пакаранне любых тэрарыстаў, але збіраюць подпісы таму, што яны не вераць гэтаму суду і прад’яўленым доказам. Яны баяцца страшнай памылкі, якіх было шмат у „справе Міхасевіча“, напрыклад», — сказаў «Нашай Ніве» адзін з людзей, якія прызналіся ў тым, што паставілі свой подпіс.

Некаторыя людзі мяркуюць, што неадкладнае пакаранне смерцю не дазволіць выкрыць пэўныя сакрэты тэрактаў у тым выпадку, калі іх сапраўды здзейсніў Канавалаў.

Дарэчы, па некаторых эпізодах, якія інкрымінуюцца Канавалаву й Кавалёву раней былі асуджаныя людзі.

Прысуд па справе аб выбухах будзе вынесены 30 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?