Учора магілёўцы дыхалі і не маглі надыхацца беларускасцю. Гледачы доўга не жадалі адпускаць са сцэны актораў аматарскага тэатра Палаца культуры вобласці. Да ўвагі магілёўцаў быў прапанаваны спектакль «Выйсце крыніц» па творах Уладзіміра Караткевіча. Паставіла яго рэжысёр Ала Кускова.

Гутарку пра гэты спектакль хочацца пачаць з галоўнай высновы: беларускі нацыянальны тэатр цікавіць сучасных людзей, яны ўжо стаміліся ад бандыцкіх разборак па тэлебачанні і млява-цукровых глупстваў на сцэне. Беларусам хочацца беларускага — хочацца бачыць сябе, свае праблемы, сваю гісторыю, сваю будучыню. І як доказ гэтай высновы — аншлаг на спектаклі. Было ўражанне, што выступалі акторы славутага МХАТа, а не звычайныя тубыльцы.

Аднак прафесіяналізм магілёўскіх «непрафесіяналаў» не выклікае сумненняў. Надзвычай добрая пластыка, жывое выкананне беларускіх песняў, неверагодныя касцюмы, прыстойная дыкцыя, яскравасць пачуццяў, гістарызм. Калі Алеся Пучко з’яўлялася ў ролі жанчыны-Плачкі або ў вобразе Маці Беларусі, вочы ад сцэны нельга было адвесці. Тое ж можна сказаць пра работу любога іншага актора — ад маленькіх дзетак да дарослых.

Такія спектаклі нам патрэбныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?