У рамках праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса» спявак Аляксандр Саладуха расказаў «Cалідарнасці», чаму яго сям'ю не закрануў эканамічны крызіс, раскрыў сакрэт, як стаў рублёвым мільярдэрам і дазволіў зазірнуць у сваю лядоўню.

Адзін з самых папулярных беларускіх артыстаў жыве ў двухпавярховым асабняку ў Строчыцах, пад Мінскам. На агароджы дома вісіць таблічка «Рэзідэнцыя Аляксандра Саладухі».

А я думала, што рэзідэнцыі ў нашай краіне ёсць толькі ў Аляксандра Лукашэнкі і Дзеда Мароза.

Разбуцца ў доме Саладухі — гэта рытуал. Стоячы на дыванку ля дзвярэй, здымаеш левы бот, ставіш нагу на падлогу. Пасля тая ж працэдура з правай нагой.

— О, у вас атрымалася! — цешыцца гаспадар. — Не ўсе госці адразу разумеюць, як трэба.

Некалькі хвілін таму спявак вярнуўся дадому з салона прыгажосці, дзе рабіў педыкюр. Аляксандр прызнаецца, што дзень быў цяжкі: здымкі на ТБ, запіс навагодняга шоу.

— Нават галава кружыцца ад голаду, — дадае спявак.

Але павячэраць у прысутнасці журналіста адмаўляецца.

— Я заўсёды ем адзін, — тлумачыць ён і запрашае ў свой кабінет.

— Аляксандр, як вам жывецца ў крызіс?

— Ніякага крызісу няма.

Крызіс толькі для гультаёў, — безапеляцыйна заяўляе Саладуха. — Людзі, якія ўмеюць працаваць, у любых умовах могуць зарабляць.
Для мяне крызісу няма. Пры любым курсе даляра я збіраю поўныя стадыёны і лядовыя палацы.

Як бы ні было цяжка людзям, ім заўсёды будуць патрэбныя хлеб і відовішчы. І цяпер на плыву будуць менавіта тыя артысты, якія папулярныя.

Дасягаюць поспеху тыя, хто не баіцца. Мой сябар — гаспадар рынку — цяпер будуе трэці будынак. Ніякі крызіс не перашкодзіў нам сёлета з'ездзіць на адпачынак у Грэцыю, таму што я даў сабе слова, што абавязкова пакажу мора дачушцы ў першае лета яе жыцця.

— Вы хочаце сказаць, што ваша сям'я ні ў чым сабе не адмаўляе?

— У нас з Наташай чацвёра дзяцей на дваіх. Два сыны і дзве дачкі. Сыны ў гэтым годзе скончылі ўніверсітэты і ўжо працуюць. Да гэтага лета хлопчыкі і мая былая жонка Наташа цалкам былі на маім забяспечанні. Наташына дачка ад першага шлюбу — Антаніна — таксама вучыцца на платным. Мая задача — зарабляць шмат грошай і забяспечваць дом, жонку і нашых дзяцей.

— Аляксандр, гэта праўда, што вы мільярдэр?

— Рублёвы.

— Падзеліцеся сакрэтам, як стаць рублёвым мільярдэрам?

— Я як працаваў па 18 гадзін у суткі, так і працую. Па такім шляху, я думаю, рухаецца любы мільянер або мільярдэр. А сакрэт вельмі просты: вера ў сябе, у сваю зорку, у сваю справу, і пахаць з раніцы да ночы.

Памятаю, як гаспадар кампаніі «Вігма» (ён паляк) сказаў мне: «Саша, ты працуеш — ты будзеш мець, а яны ўсё чакаюць, калі дзяржава дасць».

Мой прыклад даказвае, што ў сваёй краіне, нікуды не выязджаючы, можна зарабляць такую колькасць грошай, каб пабудаваць сабе класны загарадны дом, нараджаць дзяцей, гадаваць іх, выпускаць дыскі.

Памятаю, мы з жонкай жылі на здымнай кватэры, і я напісаў на паперы чатыры мэты, якіх хачу дасягнуць: стварыць сваю справу, правесці гастрольны тур, пабудаваць дом і нарадзіць дачку.
Усё збылося.

Апошні мой альбом выйшаў у Маскве. Упершыню пісаў гэты дыск з аранжыроўшчыкам, якія працавалі над найлепшымі альбомамі Стаса Міхайлава. Калі Стас быў у нас у гасцях, я спытаў у яго, колькі каштуе аранжыроўка адной песні. Аказалася, 5 000 даляраў. Для мяне гэта, вядома, быў шок, як і для любога беларускага артыста. Паўгода думаў, як зарабіць гэтыя грошы ...

— Колькі ж у нас мільярдэраў сярод зорак эстрады?

— Не ведаю. Я не адсочваю.

— На канцэрты некаторых вашых калег квіткі распаўсюджваюць у прымусовым парадку...

— Так, пра гэта мне расказваюць дырэктары палацаў спорту. Бог усё бачыць. Я такі шлях не прымаю. Лічу, што трэба працаваць сумленна, як працавала Ала Пугачова, як працуюць Стас Міхайлаў, Валерый Лявонцьеў, Бора Маісееў. У гэтым годзе ў мяне 12 канцэртаў. Але зарабляю больш, чым калі даваў 100 канцэртаў у год.

— А на вашы канцэрты дарагія квіткі?

— На сольны канцэрт у Магілёве квіткі прадаваліся па 30-50 тысяч рублёў. І людзі прыйшлі, нягледзячы на тое, што напярэдадні там выступаў Мікалай Баскаў. А ў яго вельмі дарагія квіткі.

— Вы працуеце на карпаратывах?

— Вядома. Ёсць заказы і ў Расіі, і ў Беларусі. Але тое, чым я жыву, — гэта канцэрты. Ні ад вяселляў, ні ад карпаратываў, ні ад дзён нараджэння не адмаўляюся.

— Цікава, колькі каштуе запрасіць Аляксандра Саладуху, скажам, на вяселле?

— Расцэнкі розныя. Напрыклад, выхад (гэта 3-5 песень) можа каштаваць пяцьсот даляраў. Можа быць і пяць, і дзесяць тысяч даляраў за выступ. Усё залежыць ад заказчыка. На дабрачынных акцыях працую бясплатна.

— Скажыце, а вы гатовыя пайсці спяваць у пераход метро, калі жыццё прымусіць?

— Не ведаю, я пра гэта не думаў. (Паўза). Напэўна, так.

— Калегі з шоу-бізнэсу скардзяцца вам, што жыць стала цяжэй?

— Я не маю зносінаў з людзьмі, якія скардзяцца на жыццё. Мне нецікава. Я адразу ўнікаю размовы. Я імкнуся стасавацца з людзьмі, якія дасягнулі многага. Нягледзячы ні на якія перашкоды, чалавек павінен умець іх пераадольваць. Чаму Газманаў і Лявонцьеў, якія размянялі шосты дзясятак, так выглядаюць? Я задаю сабе планку таксама так выглядаць. Калі маёй любімай дачушцы Вары споўніцца 20, мне будзе ўжо за 70 ...

Наша гутарка перарываецца. З прагулкі вярнуліся жонка Саладухі Наташа і маленькая дачка.

Аляксандр бярэ дачку на рукі, падкідвае на руках. Малая ззяе. Прысутнасць незнаёмай цёткі яе не бянтэжыць і не палохае.

Пакуль Аляксандр Саладуха пераапранае і ўмывае дачку, яго жонка Наташа расказвае, ад чаго іх сям'я адмовілася падчас крызісу.

— Мусіць, раскошы нейкай менш пачалі сабе дазваляць, купляць менш адзення, — дзеліцца Наталля. — Уяўляю, як цяжка сем'ям, якія выхоўваюць маленькіх дзяцей. Сумесі падаражэлі з 17 да 86 тысяч! Асабіста мне 500 тысяч дзіцячай дапамогі хапае на тыдзень. І гэтыя грошы ідуць толькі на дзіця. Мы адчуваем сябе абароненымі, таму што Саша добра зарабляе.

Выявілася, увесь сямейны бюджэт сям'і Саладухаў — у руках Аляксандра. Ён распараджаецца фінансамі, а па пакупкі яны з жонкай ездзяць удваіх.

— Двойчы ў месяц мы закупляем прадукты, — кажа жонка спевака. — Мы ж жывем у вёсцы, і кожны дзень ездзіць па ежу — дарагое задавальненне.

Як добрая гаспадыня Наталля ўмее рабіць закаткі. Праўда, у гэтым годзе варэннем і марынадам не займалася: маленькая дачка патрабавала шмат увагі. У кладоўцы замест запасу саленняў — слоічкі з дзіцячым сілкаваннем.

На агародзе Наташа вырошчвае зеляніну, салату, суніцы. Сад ў двары дома — таксама яе клопат.

— Многія беларусы з жахам падлічваюць, колькі давядзецца аддаваць за камунальныя паслугі ўзімку. А колькі каштуе ўтрымліваць такі вялікі дом, як ваш?

— Я не памятаю, — усміхаецца Аляксандр Саладуха. — Заплаціў і забыўся.

Выпрабоўваць гасціннасць галоднага спевака я больш не рызыкнула. І на развітанне папрасіла Аляксандра паказаць лядоўню. Яго змесціва красамоўна сведчыла, што эканамічнага крызісу ў сям'і Саладухаў няма.

Лядоўня была запоўненая пад завязку. Знайшліся нават сыр сулугуні і чырвоная ікра на Новы год. З верхняй паліцы выглядала сялёдка пад футрам — чым не вячэра для беларускага мільярдэра?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?