Вядома ж, не хочацца ў такія светлыя для Анатоля Вярцінскага дні звяртаць увагу на смешныя, алагічныя піскі і віскі дробных аматараў выслужыцца, дагадзіць «сильнейшим мира сего», паставіць сябе ў позу суровых ментараў «неразумнага дзіцяці». Але… і змоўчаць немагчыма, калі бачыш перад сабой маральную нікчэмнасць і нізасць, нейкую пячорную зашоранасць і цемрашальства ўжо ў ХХІ стагоддзі ад Нараджэння Хрыстова, у век інтэрнэта і ўсялякіх іншых навукова-тэхнічных дзівосаў, спароджаных чалавечым розумам.

Нізасць № 1. Штотыднёвік «Літаратура і Мастацтва», які пазіцыянуе сябе «газетай для творчай інтэлігенцыі Беларусі», цалкам і поўнасцю праігнараваў 80-гадовы юбілей выдатнага паэта Анатоля Вярцінскага, які, дарэчы, быў у перабудовачны час галоўным рэдактарам «ЛІМа».
Менавіта тады газета дасягнула найвышэйшай планкі і па колькасці чытачоў, і па цікавасці да выдання. Ля шапікаў «Саюздруку» выстройваліся даўжэзныя чэргі за свежым нумарам «ЛІМа». Людзі знаходзілі там вострыя, смелыя, цікавыя матэрыялы на самыя хвалюючыя тэмы.
Дзякуючы мужнасці, прынцыповасці і грамадзянскай пазіцыі галоўнага рэдактара менавіта ў «ЛІМе» быў апублікаваны артыкул З.Пазьняка і Я.Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці». Артыкул, які фактычна абвясціў старт шырокага руху Беларускага нацыянальнага Адраджэння.
І пра такога дзеяча нашай культуры — ні ўспаміну, ні намёку на ўспамін, ні віншавання з юбілеем! (Тут цяперашні «ЛіМ» паслядоўны: не «апусціўся» ён і да ўпамінання юбілеяў такіх «дробных сошак», як Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін.).
Нізасць № 2. Менавіта 22 лістапада, калі Анатоль Вярцінскі ладзіў сваё свята, сайт «Литературная критика», што пад эгідай чаргінцоўскага Саюза пісьменнікаў Беларусі, «разразился» не крытыкай — не! — убогім пасквілем-каментарам нейкага «Алекса»
на інтэрв’ю вядомай журналісткі Марыны Коктыш з Анатолем Вярцінскім («Не ад добрага жыцця паэты ідуць у палітыку», «Народная Воля» за 18 лістапада б.г.). Дык вось, гэты самы «Алекс», паскардзіўшыся, што «политизированность отдельных членов нашего общества зашкаливает», адразу б’е, як яму здаецца, проста ў лоб суровым пракурорскім пытаннем: «Кажется, если тебе девятый десяток и у тебя все есть, зачем лезть в грязную политику или светиться в ней с сомнительными оценками?»
Асабліва кранае зоркі погляд «отдельного члена» — яўна палітызаванага «Алекса» — у хатні халадзільнік паэта.
Можа, патаемна прабраўшыся ў яго кватэру, заўважыў у тым халадзільніку чарку са скваркай, ды не адну? Тады, зразумела, і сапраўды рыпацца далей кухні нікому няма рэзону. Жыві і радуйся! Толькі радавацца нармальнаму, нераўнадушнаму да лёсу сваёй краіны творцу, які дбае не толькі пра сябе, — пра ўсіх людзей, што пакутуюць не ад добрага жыцця, немагчыма. Пакутуе яго душа. І тады паэт — зусім не таму, што быццам «за участие платят или обещают что-то» (так і мрояцца «Алексу» грошы на дурніцу), ідзе ў палітыку…

Так было амаль чвэрць стагоддзя таму, у 1990 годзе, калі (нагадаю вядомае)

на першых дэмакратычных выбарах у Вярхоўны Савет ужо легендарнага 12-га склікання Анатоль Вярцінскі быў абраны народным дэпутатам
і з годнасцю апраўдаў высокі давер сваіх выбаршчыкаў. Удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці першай Канстытуцыі толькі-толькі набыўшай незалежнасць і суверэннасць Рэспублікі Беларусь, іншых лёсавызначальных законаў, спрыяў таму, каб яны жылі, дзейнічалі.

Са спыненнем тэрміну дэпутацтва Анатоль Ільіч зноў акунуўся ў творчую працу. Але ўсё, што адбывалася і адбываецца з краінай і ў краіне, глыбока хвалявала і дагэтуль хвалюе паэта, нараджае новыя і новыя вершы і публіцыстычныя артыкулы — такія ж яркія, высокамастацкія і натхнёныя, як і раней. (На юбілейнай вечарыне сябры чыталі ягоныя вершы з непадробным эмацыйным запалам, бы свае ўласныя.)

І гэта вы, непаважаны апанент, называеце «лезть в грязную политику»?

Акрамя вашай, «Алекс», і падобных вам «інтэлектуалаў» утробнай меркі жыцця і яго каштоўнасцяў, ёсць іншы імператыў, які выказала вялікая дачка нашага народа Ларыса Геніюш у сваёй «Споведзі» і якую ўсёй істотай успрымае яе паслядоўнік Анатоль Вярцінскі: «Сапраўдны беларус — чалавек, з дарогі не змыліць, і мэта яго адна: Беларусь».

Увайшоўшы ў выкрывальніцкі раж, аўтар «адлупу» А.Вярцінскаму, які меў неасцярожнасць спаслацца на Арыстоцеля, гэтак мімаходзь, грэбліва пхае нагой вялікага сына чалавецтва. Маўляў, ну ці варта нейкая, нікому не цікавая цяпер асоба з «малограмотных далеких времен» быць аўтарытэтам для такіх прасунутых наперад і высока ўзнятых над гісторыяй чалавецтва сённяшніх інтэрнэт-супермэнаў?..

Смех смехам, а не столькі за Арыстоцеля — за дзяржаву крыўдна. Крыўдна і сорамна, што побач з годнымі, светлымі, разумнымі беларусамі ўзрастае такое вось «высокаадукаванае» пустазелле: мовай сваёй зямлі «Алекс» не валодае, затое ўпэўнены, што бліскуча карыстаецца рускай мовай. У сваіх маралях-рассусольваннях аб «высокім» публічна выводзіць: «политика не дает время на духовное обогащение». А мо і праўда — не дае? Яму, «Алексу», канечне.

Толькі ён, па ўсім відаць, не бядуе, бо трэба ж быць паслядоўным у выкрыванні зла. У адпаведнай рубрыцы на партале гуртуе вакол сябе новых змагароў, якія кідаюцца ў бой з пер’ямі наперад.

Міхась Грынкевіч, які імянуе сябе «прыхільнікам беларускасці», навешвае на Анатоля Вярцінскага ярлык «злепленага газетай генія», заклікае яго «быць з народам поруч», адкінуць у бок «безнадзейна састарэлую філасофію», слухаць жыццё і г.д.
Пачытаць бы гэтаму «прыхільніку»-манкурту творы паэта і крыху супакоіцца: яго кіруючыя ўказанні аб еднасці з народам рэалізаваны творцам яшчэ задоўга да грынкевічавых указанняў.

Бліснуў палемічным імпэтам і «таксама паэт» Андрусь Лесагорскі. З густам падабраны псеўданім намякае, што ад таленту Ведзьмака Лысагорскага (Ніла Гілевіча) яго аддзяляе адна, усяго толькі адна літарка… Дзякуй, даражэнькі, што доўга не тамілі неспатоленай цікаўнасцю да вашай творчасці, явілі яе беспадобны ўзорчык радкамі сваёй эпіграмы, якая пачынаецца так:

Вось вучыць спадар Вярцінскі
Самога кіроўцу Дзяржавы…

Вось гэта паэзія, вось гэта краса і сіла — куды там даўно напісаным, як лічыць Андрусь, «рыфмаванкам дзеда»!
Такое, лічу, цягне як мінімум на дзяржпрэмію, а то і на самога Нобеля. І што вы думаеце, цалкам магчыма і верагодна: не па планцы ж «састарэлага» Вярцінскага вымяраюцца зараз таленты ў высокіх інстанцыях.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?