Пасля таго, як песня «Не быць скотам!» перамагла на «Тузіне гітоў», Сяргей Міхалок вырашыў перапыніць маўчанне, якое ён узяў на параду юрыста ў час пракурорскай праверкі. У сваім звароце да прыхільнікаў праз «Тузін Гітоў» лідэр гурту «Ляпіс Трубяцкой» піша:

«Палымяна вітаю ўсіх!

Можна канстатаваць, што «Грай-тур» адбываецца пры падвышанай увазе міжнароднай грамадскасці, што наведвае нашы канцэрты. Нашаму наступальнаму мабільнаму атраду скараюцца новыя вяршыні, да нас далучаюцца дробныя партызанскія фармаванні. Ворагі, што пакаяліся, праходзяць абрад ачышчэння і пераходзяць на наш бок.

Канцэрты ва Ўкраіне і Расеі прайшлі з аншлагам, што пацвярджаюць фотаздымкі гледачоў, а таксама перапужаных і ашалелых жанчынаў-касірак. Вялізны дзякуй беларусам, якія знаходзяць у сябе сілы і магчымасць выязджаць ды падтрымліваюць нас улюлюканнем, тэматычнымі крычалкамі, транспарантамі ды слушнымі сцягамі.

Дэвіз «Не быць скотам» паспеў ужо стаць інтэрнацыянальным, бо падобныя праблемы ёсць у людзей і ў іншых краінах. Няхай жа прыклад музычнага супраціву Беларусі будзе прыкладам для ўсіх разважлівых жыхароў планеты Зямля!

Прадбачу абвінавачванні ў пафаснасці ды буфанаднасці нашых дзеянняў ды ўчынкаў, таму хачу яшчэ раз усім нагадаць, што галоўнае ў сучасным мастацтве — умець выклікаць агонь на сябе ды наступны за ім рэзананс контратакі.

Жыве Беларусь!

Сяргей Міхалок».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?