У Беларусі знаходзіцца з візітам група спецыялістаў па лясной гаспадарцы Сусветнага банка для абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

28 лістапада адбылася іх сустрэча з кіраўніцтвам лясной галіны краіны, падчас якой разгледжаны пытанні падрыхтоўкі праекта стратэгічнага плана развіцця лясной гаспадаркі Беларусі на 2016–2030 гады. Паміж Міністэрствам лясной гаспадаркі і Сусветным банкам раней была дасягнута дамоўленасць аб рэалізацыі сумеснага праекта па распрацоўцы новага Стратэгічнага плана развіцця лясной гаспадаркі Беларусі на перыяд да 2030 года. «Гэта сустрэча — ужо першыя практычныя захады па яго рэалізацыі», — адзначылі ў прэс-службе.

Пасля перамоў прайшлі індывідуальныя сустрэчы кансультантаў праграмы ФЛЕГ («Удасканаленне правапрымянення і кіравання ў лясным сектары», праграма рэалізуецца ў Беларусі з 2010 года). Спецыялісты разгледзелі інстытуцыянальныя механізмы лясной палітыкі і заканадаўства ў Беларусі, абмеркавалі мерапрыемствы па камунікатыўнай стратэгіі. Дэлегацыя СБ наведала прадпрыемства «Белдзяржлес» і азнаёмілася з сістэмай лесакіравання і лесакарыстання ў Беларусі, арганізацыяй лесаўпарадкавальнага праектавання, маніторынгу лесу, ходам выканання работ па мерапрыемствах краінавага плана ФЛЕГ.

29 лістапада прайшла сустрэча з членамі нацыянальнага грамадска-кансультатыўнага савета ФЛЕГ. На ёй абмеркаваны практычныя пытанні падрыхтоўкі Стратэгічнага плана развіцця лясной гаспадаркі. Таксама госці наведаюць Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, дзе сустрэнуцца з прафесарска-выкладчыцкім складам і азнаёмяцца з кірункамі навукова-педагагічнай дзейнасці.

У наступныя два дні спецыялісты Сусветнага банка наведаюць Валожынскі доследны лясгас, дзе азнаёмяцца з кірункамі дзейнасці гаспадаркі, а таксама сустрэнуцца з прадстаўнікамі шэрагу грамадскіх арганізацый.

У апошні дзень візіту, 2 снежня, адбудзецца заключная сустрэча ў Міністэрстве лясной гаспадаркі, падчас якой будуць падведзены вынікі візіту і вызначаны далейшыя дзеянні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?