Колькасць мужчын, якія знаходзяцца на ўліку ў наркадыспансеры, зніжаецца, а жанчын і падлеткаў — узрастае. Гэтая тэндэнцыя актуальна як для Беларусі, так і для краін Еўропы,
паведаміў галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Сяргей Осіпчык на пасяджэнні круглага стала па абмеркаванні стратэгіі ўмацавання здароўя дзяцей і маладых людзей груп рызыкі 30 лістапада ў Мінску.

«Падлеткам заўсёды хочацца паспрабаваць штосьці новае. І гэта цудоўна. Але гэта не павінна тычыцца псіхаактыўных рэчываў. Алкаголь у любым выглядзе не перастае быць алкаголем — не важна, слабаалкагольны напой ці моцны», — адзначыў Осіпчык.

Паводле звестак галоўнага педыятра Міністэрства аховы здароўя Алены Няверы, дзіцячая ахова здароўя ў Беларусі за апошні час дамаглася істотных поспехаў. «Зніжэнне паказчыкаў усіх каэфіцыентаў смяротнасці нованароджаных і смяротнасці дзяцей да 5 і да 17 гадоў, высокі ўзровень імунізацыі дзіцячага насельніцтва, стабілізацыя захворвання і зніжэнне інфекцыйнага захворвання — асноўныя дасягненні на гэты момант», — паведаміла яна.

Аднак, паводле слоў Няверы, колькасць дзіцячага насельніцтва да 14 гадоў у Беларусі за апошнія 40 гадоў паменшылася на 40%, а за апошнія пяць гадоў колькасць дзяцей да 17 гадоў знізілася амаль на чвэрць.

«Нашы станоўчыя дасягненні, асабліва ўдасканальванне тэхналогій, звязаных з працягам жыцця, прывялі да зменаў у структуры дзіцячага захворвання і інваліднасці і запатрабавалі інтэнсіўнага развіцця метадаў рэабілітацыі. Гэтым мы і будзем займацца найбліжэйшым часам», — адзначыла галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?