Наша самая перспектыўная у свеце валюта, наш родны «заяц» раптам ашалеў. І курс ягоны кінуўся ад курса даляра, якому засталося, па словах БТ, зусім нядоўга да смерці. Але, чамусьці, ірвануў не ўверх, а ў крутое піке.

Што толькі не рабіла нашае мудрае кіраўніцтва, каб выправіць недарэчнасць. І па тэлевізары закліналі гэты курс, патрэбныя лічбы называлі. І сеансы калектыўных заклінанняў праводзілі.
Запрашалі на іх найлепшых акул пяра з самых вядомых у свеце медыяў, кшалту «Мухосранской неделі». Але звар’яцелы заяц чамусьці скакаў у супрацьлеглы агучаным арыенцірам бок. Дайшло да таго, што Самы Галоўны Заклінальшчык, вядомы сярод кліентуры пенітэнцыярнай сістэмы пад мянушкай «Пераседжаны», пайшоў на скрайнія захады.
Але дарэмна ён кідаўся, як заўсёды ў самыя цяжкія для Бацькаўшчыны часы, па кароўніках, спецыяльна пабудаваных для такіх выпадкаў Нацбанкам.
Дарэмна ён падоўгу стаяў, абняўшы папярэдне вымытую шампунем карову, і шаптаў самыя таемныя і моцныя заклінанні. Толькі надоі ўпалі… Прыйшлося нават кароўнікі ў Нацбанка забраць. А «шалёны заяц» яшчэ хутчэй прыпусціў ад дакладна пралічаных, самых аб’ектыўных прагнозных паказчыкаў.

За ім у тым жа кірунку кінуліся і рэальныя заробкі грамадзян нашай дабраславённай краіны. Хутка можа дайсці да таго, што да «Ружовага дому» пойде ўжо ШОСтая калона агаладалых мянтоў з табельнай зброяй — заробкі павышаць.

Як патрыёт, я не магу болей спакойна глядзець на бессаромныя зайцавы скокі.

Я прапаную прыцягнуць да справы ўтаймавання гэтай ашалелай жывёліны спецыялістаў.
Як кажуць — давярайце прафесіяналам.
Найперш, трэба звярнуцца да нашых заклятых расійскіх сяброў і папрасіць у іх у крэдыт найлепшага сібірскага шамана.
Хай той палупіць у бубен, паскача вакол Нацбанка, пакамлае. А потым ляснецца на ягоным ганку. Душа яго ў той час спусціцца ў ніжні свет і выцягне адтуль касога за вушы наверх.

Для гарантыі таксама прапаную скарыстацца тым, што, як вядома, «Беларусь — Індыя: бхай-бхай!». Не ведаю, што значыць тое «бхай», але, здаецца, нешта прыязнае. Таму, хай Індыя (можна і акцыі «Беларуськалія» прапанаваць, а потым падмануць) прышле нам свайго найлепшага факіра.

Сядзе ён у пустым цяпер сховішчы валютнага рэзерву, задудзіць у сваю дудку, і зялёныя, пазначаныя змеяпадобнымі значкамі даляры самі папаўзуць з кішэняў і рахункаў, абмінаючы нават біржу, у сховішча.
Дзе яны самі будуць складацца ў форме канапы, бо зараз там і пасядзець няма на чым.

Калі ж гэтыя абсалютна надзейныя і выпрабаваныя сродкі не дапамогуць,

ёсць яшчэ варыянты выйсця. Напрыклад, не зважаючы на ўсялякія там «біржы — рынкі» загадаць зайцу стаяць.
Праўда, для гэтага давядзецца ўздоўж усёй усходняй мяжы выкапаць глыбокі роў і нацягнуць над ім калючы дрот пад токам. Каб зайцу не было як разагнацца.
Можна яшчэ самім наладзіць імпартазамяшчальны выпуск тых даляраў. Тут, на «зоне», такія спецыялісты сядзяць…
У рэшце рэшт, можна адправіць Самага Галоўнага Заклінальшчыка (ён жа «Пераседжаны») да яго родных кароў. Назаўсёды…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?