Аляксандр Лукашэнка лічыць гуманным прысуд праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, асуджанаму на 4,5 гады пазбаўлення волі за нявыплату падаткаў. Аб гэтым ён заявіў сёння ў Івацэвіцкім раёне, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў СМІ.
«Дзякуй богу, што не ў Амерыцы, — за такія грошы мог бы атрымаць не 4,5 (гэта амаль самая нізкая мяжа), а 17 гадоў, і доўга адтуль б не вылез», — пракаментаваў Лукашэнка прысуд, паведамляе БелТА
Ён таксама адзначыў, што па гэтай справе да яго ніхто не звяртаўся, і ў дадзеным выпадку неабавязкова, каб ён яго разглядаў. «Будзе зварот, я яго буду разглядаць», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што суд вельмі гуманна паступіў у дачыненні да Алеся Бяляцкага. «Ёсць закон — шануй яго і не будзе праблем. Парушыў закон — адказвай». «Я лічу, што суд паступіў у рамках сваёй кампетэнцыі, па законе», — дадаў Лукашэнка.
* * *
Алесь Бяляцкі — віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» — 24 лістапада быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Бяляцкі прызнаны вінаватым на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Грошы, што пералічваліся на рахункі Бяляцкага, выкарыстоўваліся для аказання дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі.