Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў галоўны рэжысёр тэатра Алег Жугжда.

Пачаліся работы па дэмантажу гаспадарчых прыбудоў каля тэатра і ўзвядзення на іх месцы новага адміністрацыйна-гаспадарчага корпуса. Асноўны аб’ём работ запланаваны на 2012 год. Дапрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя для выканання капітальнага рамонту, рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння. Будуць узмоцнены канструкцыі будынка, палепшана яго тэхнічнае аснашчэнне, заменены камунікацыі. Чакаецца замена аконных і дзвярных блокаў, рамонт фае, грымёрак, сцэны. Адрамантуюць і глядзельную залу, тут з’явяцца новыя крэслы, абновіцца гукавая і святлоапаратура. Прадугледжваецца аснашчэнне вячэрняй падсветкай будынка тэатра. На работы ў 2012 годзе з абласнога бюджэту будзе выдзелена звыш Br11 млрд. Завяршыць рэканструкцыю плануецца ў 2013 годзе.

Галоўнай задачай перад будаўнікамі з’яўляецца захаванне гістарычнага выгляду будынка тэатра:
застануцца ранейшымі дэкаратыўная аддзелка фасада, аўтэнтычныя агароджы ў глядзельнай зале. Акрамя таго, будуць адноўлены вежы над галоўным уваходам. Тэатр стане такім, якім быў у канцы ХІХ стагоддзя.

Будынак лялечнага тэатра ў Гродне быў закладзены ў 70-я гады XVIII стагоддзя вядомымі архітэктарамі Іаганам Мёзерам і Джузепэ дэ Сака і ўваходзіў у архітэктурна-горадабудаўнічы комплекс «Гарадніца», узведзены па ініцыятыве гродзенскага старасты графа Антонія Тызенгаўза. Будынак першапачаткова пабудаваны як манеж, які пасля прыстасавалі для правядзення оперных і балетных спектакляў, а пазней перабудавалі пад тэатр і злучылі крытай галерэяй з палацам губернатара. За больш як двухвекавую гісторыю ў гэтым памяшканні размяшчаліся каралеўскі тэатр, тэатр знакамітай жанчыны-антрэпрэнёра Саламеі Дэшнер, польскі тэатр імя Элізы Ажэшкі, рускі драматычны тэатр. З 1980-га года на самай старой дзеючай тэатральнай сцэне краіны працуе абласны тэатр лялек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?