Учора быў адзін з найлепшых дзён у маім жыцці, піша блогер Drugoi.

Ад плошчы Рэвалюцыі я ішоў з калонай, у якой разам ішлі нацыяналісты і «нязгодныя», каля гадзіны прабіваўся праз тых, хто сабраўся на набярэжнай і калі дабраўся да сцэны на Балотнай, хтосьці з арганізатараў сказаў, што на мітынг прыйшло больш за 50 тысяч чалавек. Я пачаў пісаць пра гэта ў твітар, але сетка не працавала — так бывае, калі ў адным месцы збіраюцца дзясяткі тысяч, і базавыя станцыі проста не даюць рады. Я адразу ўспомніў лета гэтага года, Осла і народ, які выйшаў на вуліцу, каб быць разам: мы тады, памятаю, дзівіліся нарвежцам: вось малайцы, яны ўмеюць адказаць на выклік, сабрацца.

Учора мы сабраліся і былі такімі ж свядомымі грамадзянамі, як нарвежцы.
Нас падманулі, з намі абышліся як з быдлам, але мы выйшлі на мітынг і сказалі: «Ша, хлопцы, мы вас не выбіралі, падман». Выйшлі смела, нягледзячы на тое, што напярэдадні нас запалохвалі, пагражалі крывёю, беспарадкамі, правакатарамі. Глупства, на Балотную прыйшлі людзі з кветкамі і паветранымі шарыкамі, вясёлыя і ўпэўненыя ў сабе. Я даўно не бачыў так шмат добрых твараў у адным месцы.

Гэй, паслухайце, гэта вам не нанятыя за слоік ягі небаракі, што мерзнуць на марозе і крычаць «Мядзведзеў, абедаць!» І не апранутыя ў дарагія касцюмы нахлебнікі, сабраныя на дзяржаўнай дачы, каб пабыць фонам для чарговай тэатральнай пастаноўкі. Гэта грамадзяне краіны Расія, якім не ўсё роўна.

Гэта не «нязгодныя» — гэта неабыякавыя.
Якія кажуць: «Будзьце ласкавыя, лічыцеся з намі. Мы народ, які вас наняў, каб вы кіравалі гэтай дзяржавай. Мы плацім вам за тое, каб вы былі сумленнымі, працавітымі і адказнымі. А будзеце падманваць — пойдзеце прэч».

І гэтыя грамадзяне мне вельмі падабаюцца.

Гэта проста мая мара — народ, якому не ўсё роўна. Толькі такі народ можа пастаяць за сябе, за свае інтарэсы.

Тым, хто арганізоўваў і праводзіў сённяшні мітынг на Балотнай, трэба цвёрда ўразумець —

людзі прыйшлі не да іх, а па праўду, па пачуццё ўласнай годнасці.
І ад таго, як арганізатары будуць паводзіць сябе далей, будзе залежаць вельмі шмат — ці пойдуць людзі за імі далей ці, як гэта было ў апошнія гады, адвернуцца і зоймуцца сваімі справамі. Таму што насамрэч тыя дзясяткі тысяч неабыякавых прывялі на плошчу не Нямцоў з Рыжковым, а інтэрнэт — там людзі ўбачылі доказы падману на выбарах, там яны арганізаваліся. І калі далей грамадзяне будуць бачыць, як карбанарыі грызуцца адно з адным праз глупства, займаюцца фігнёй і бессэнсоўным піярам, яны пашлюць іх к чорту і нікуды больш не прыйдуць. Трэба мець гэта на ўвазе. Нямцоў з Рыжковым, лічыце, што вам казачна пашанцавала.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?