Белыя росы

Пра пачвараў і людзей

posterБелыя росы

Беларусь, 1983, каляровы, 89 хв.

Рэжысэр: Ігар Дабралюбаў

Ролі выконваюць: Усевалад Санаеў, Мікалай Карачанцаў, Міхаіл Какшэнаў, Генадзь Гарбук, Барыс Новікаў, Галіна Польскіх, Натальля Харахорына, Станіслаў Садальскі, Стэфанія Станюта, Аляксандар Бяспалы, Галіна Макарава

Жанр: Лірычная трагікамэдыя паводле сцэнара Аляксея Дударава

Адзнака: 6,5 (з 10)

Стары Фядос зь вёскі Белыя росы мае, як у казцы, трох дарослых сыноў. Старэйшы занадта прагматычны, сярэдні зьехаў на Курылы і невядома, ці вернецца, а малодшы – весялун і шалапут. Баліць у Фядоса душа за дзяцей. А тут шчэ горад наступае – дый зь вёскі пераяжджаць трэба. Фядос супраціўляецца, але зьменаў не пазьбегнуць.

Адзін з сама найпапулярнейшых беларускіх фільмаў (36,1 млн. гледачоў). Дасьціпны гумар з эксцэнтрычнымі анэкдотамі (легендарная сцэнка лячэньня ад рэўматызму й падступны эпізод зь цешчынымі зёлкамі). Сум разьвітаньня, сьпевы ў бусьліным гнязьдзе, народная мудрасьць і пранізьлівая дабрыня.

Вяршыня беларускай (савецкай!) камэдыі. Расейскія акторы на галоўных ролях, руская мова – і дазволены міт пра Белую Русь.

posterПра пачвараў і людзей (Про уродов и людей)

Расея, 1998, каляровы, 93 хв.

Рэжысэр: Аляксей Балабанаў

Ролі выконваюць: Сяргей Макавецкі, Віктар Сухарукаў, Анжаліка Няволіна, Дынара Друкарава, Ігар Шыбанаў, Віктар Крыштапенка

Жанр: Эстэцка-пачварніцкая дэкадэнцкая драма

Адзнака: 6,5 (з 10)

Расейскія прызы за лепшую рэжысуру й цэласнасьць стылю, за лепшую апэратарскую працу (Сяргей Астахаў), лепшую мужчынскую ролю (Сяргей Макавецкі), лепшую працу мастака (Вера Зялінская).

Пецярбург напрыканцы ХІХ стагодзьдзя. Сям’я лекара ўсынаўляе сіямскіх блізьнятаў, інжынэр сьвяткуе нараджэньне дачкі. Але ў горад прыехаў Іаган, падпольны майстар садамазахісцкіх фатаграфій. Сіямскія блізьняты яму вельмі патрэбныя – дый сям’я інжынэра ня будзе абыйдзеная ўвагай…

Эстэцкія гульні з агідным: нізкімі жарсьцямі, пачварыньнем, маральнаю дэградацыяй – зьнятыя ў вытанчанай стылёвай манеры зжаўцелых фатаграфій і… першых порнастужак. Але скандальная карціна Балабанава – блізкая сваячка “Страхоцьцяў” Тода Браўнінга й “Чалавека-слана” Дэйвіда Лінча.

У гэных фільмах зьнявечаныя істоты ўзвышаныя зпакутаванай душой, а стылёвая пекната апраўдвае балаганную існасьць кіно.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?