13 снежня балетным спектаклем «Жызэль» у Магілёве адкрыецца філіял Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.
Аб гэтым паведаміў генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка 12 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, гаворка ідзе аб пастаяннай аснове для гастрольнай дзейнасці ў Магілёве. «Філіял — рабочая назва. Мы не ствараем там трупу, не ўтвараем юрыдычную асобу», — сказаў Грыдзюшка. На першым часе спектаклі Вялікага тэатра плануецца паказваць раз на месяц, а ў наступным — два разы на месяц: балет і оперу.

Дагавор аб арганізацыі паўнацэнных рэгулярных гастроляў паміж кіраўніцтвам тэатра і Магілёўскага аблвыканкама быў падпісаны месяц таму. У найбліжэйшай будучыні падобныя філіялы Вялікага тэатра плануецца стварыць у Гомелі, Полацку і Нясвіжы. Надалей пастаянныя гастролі Вялікага тэатра плануецца арганізоўваць і ў іншых буйных гарадах Беларусі.

Паводле слоў Грыдзюшкі, адкрыццё філіялаў Вялікага тэатра ў рэгіёнах стала магчымым дзякуючы пашырэнню трупы балета і стварэнню трупы стажораў. Гэта таксама дазваляе даваць паўнацэнныя спектаклі балета ў Мінску ў той час, калі асноўны склад балета знаходзіцца на гастролях за мяжой.

Як адзначыў дырэктар, 13 снежня балетная трупа тэатра выязджае ў вялікі гастрольны тур па найбуйнейшых гарадах Аўстрыі і Германіі. Беларускія артысты пакажуць два спектаклі: «Лебядзінае возера» і «Шчаўкунчык». У лістападзе артысты балета паспяхова гастралявалі па Іспаніі, што не перашкодзіла паказам спектакляў у Мінску, дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?