Аляксандр Лукашэнка 23 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы правядзе прэс-канферэнцыю, якая «будзе прысвечана вынікам адыходзячага года і далейшым перспектывам развіцця краіны».

Чакаецца, што ў мерапрыемстве возьме ўдзел амаль 400 журналістаў
з больш як 300 беларускіх дзяржаўных, недзяржаўных, а таксама замежных СМІ, акрэдытаваных у Беларусі. Гэта рэкордная колькасць.

У той жа час па-ранейшаму фатографы незалежных СМІ доступу да Лукашэнкі не маюць, таму мы вымушаны выкарыстоўваць здымкі інфармацыйных агенцтваў.

Прэс-канферэнцыя распачнецца а 12-й гадзіне.

Упершыню ў гісторыі газеты карэспандэнт «Нашай Нівы» таксама запрошаны на гэтую прэс-канферэнцыю.

Раней нашы карэспандэнты траплялі толькі на прэс-канферэнцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў, куды ўваход быў свабодны для ўсіх рэпарцёраў, акрэдытаваных пры ЦВК, але нас ніколі не запрашалі на іншыя сустрэчы Лукашэнкі з журналістамі.

Мы пакуль не ведаем, ці зможа ён весці анлайн-рэпартаж з залы, ці будзе там вай-фай. Калі не, то падзея будзе асвятляцца анлайн супрацоўнікамі Рэдакцыі.

Прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі традыцыйна маюць характар лёгкага шоу.
Яны выразна вылучаюцца са штодзённай інфармацыйнай рэальнасці Беларусі, у якой няма месца палітычнаму плюралізму і палеміцы.
У краіне дагэтуль усе тэлеканалы і радыёстанцыі з’яўляюцца сродкамі масавай прапаганды, а не інфармацыі. За апошнія 15 гадоў у іх не з’явілася ніводнага крытычнага на адрас Аляксандра Лукашэнкі матэрыялу, як не было і ніводнага нейтральнага журналісцкага матэрыялу пра апазіцыю.
Фармальна яны лічацца дзяржаўнымі, хоць на самой справе дзейнічаюць як СМІ аднаго чалавека.

Адрозненне ад савецкага часу толькі ў тым, што паралельна працягвае працу невялікая колькасць беларускіх незалежных інтэрнэт-сайтаў і газет, а таксама ў даступнасці замежных СМІ. Маюць акрэдытацыю ў краіне і шэраг замежных радыёстанцый і выданняў. Іх прадстаўнікі таксама запрошаны на заўтрашнюю прэс-канферэнцыю. Звычайна менавіта яны задаюць самыя вострыя пытанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?