Праект бюджэту на наступны год прадугледжвае вылучэнне на беларускую адукацыю значна меншых сродкаў параўнальна з папярэднімі гадамі.
Грошай на адукацыю стане меней не толькі ў валютным эквіваленце, але і ў працэнтах да ўсіх здабытых дзяржавай грошай.

Паводле інфармацыі БелТА, у бюджэце Беларусі, што на мінулым тыдні быў прыняты парламентам у першым чытанні, на адукацыйныя расходы адведзена Br23,8 трлн. альбо 4,67% ВУП. Апошні паказчык ва ўмовах дэвальвацыі, а таксама паводле міжнародных стандартаў з’яўляецца найбольш прадстаўнічым і мусіць дэманстраваць увагу дзяржавы да адукацыі. Між тым, як вынікае з параўнання адукацыйных расходаў з мінулымі гадамі, увагі той з часам дастаецца ўсё меней і меней.

Так, у 2006 годзе дзяржава выдаткавала на беларускую адукацыю 6,1% ад ВУП, у 2008 выдаткі скараціліся да 5,1%, а ў 2009 яны паставілі своеасаблівы антырэкорд, «дасягнуўшы» 4,5% ад ВУП (хаця Лукашэнка абяцаў тады вылучыць на адукацыю 10%).

У мінулым годзе сітуацыя трохі палепшылася — выдаткі ўзраслі да 5,1%, аднак цяперашні крызіс і дэвальвацыя, гледзячы па ўсім, чарговы раз ударылі ў першую чаргу па адукацыі — яе фінансаванне скарачаюць да 4,67% ад ВУП, ці на 9%.

У 2011 годзе ж выдаткі на адукацыю ўвогуле абяцалі павялічыць на траціну да Br11 млрд. Але колькі гэта пасля трохразовага абясцэньвання рубля — сказаць вельмі цяжка. У любым выпадку, год яшчэ не завершаны, а ВУП — не падлічаны, таму рабіць высновы зарана.

Будучае скарачэнне адукацыйных выдаткаў — толькі частка шэрагу пераглядаў фінансавання гэтай сферы ў меншы бок.
Так, год таму Міністэрства адукацыі запатрабавала ад ВНУ тэрмінова «прадставіць прапановы па скарачэнні расходаў рэспубліканскага бюджэту». Скарачэнне тлумачылася «правядзеннем ўдакладнення паказчыкаў рэспубліканскага бюджэту». Універсітэтам давялося адмовіцца ад некаторых навуковых даследаванняў, камандзіровак, у тым ліку за мяжу, рамонту, навуковых канферэнцый, закупкі дадатковага абсталявання. А потым Лукашэнка заявіў, што выдаткі на навуку варта скараціць на траціну. Мабыць, вынікі рэалізацыі гэтай ідэі адаб’юцца і на адукацыі.

Зразумець, які ж у Беларусі цяпер ВУП, — задача не з лёгкіх. Ад таго любое параўнанне можа выглядаць некарэктным. Эканаміст Яраслаў Раманчук называе разлік ВУП беларускім урадам «метадалагічным фокусам». У рублях ВУП складзе прыкладна 265 трлн. Паводле ўрада, гэта каля $58 млрд, але ж калі лічыць па рынкавым курсе даляра-то каля $33 млрд.

Зрэшты, па паказчыку фінансавання адукацыі адносна ВУП Беларусь за апошнія гады ніколі не была лідаам у рэгіёне. Сярод краін СНД нас з цягам часу пачала абыходзіць Малдова (9,6% у 2009 годзе і 8,2% у 2008), а таксама Кіргізія (5,9% у 2008 годзе і 6,5% у 2007 годзе). Ва Украіне гэты паказчык складаў 5,3% у 2007 годзе, што, аднак, на той момант было ніжэй, чым у Беларусі (5,7%).

Звычайна болей за 5% ад ВУП выдаткоўваюць на адукацыю краіны Захаду. У скандынаўскіх краінах гэты паказчык вышэйшы за 6%, а ў Ісландыі ўвогуле за 7%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?