Пасольства Польшчы ў Мінску вядзе перамовы аб арэндзе новага будынка, паведаміў пасол Польшчы Лешак Шарэпка 22 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле слоў дыпламата, ён яшчэ не ведае, дзе будзе працаваць пасольства з новага года, бо тэрмін арэнды цяперашняга будынка завяршаецца ўжо праз тыдзень, 31 снежня. Польскі бок, адзначыў Шарэпка, пакуль не атрымаў адказу ад "Дыпсэрвісу" (прадпрыемства Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. — БелаПАН.), што рабіць пасольству з 1 студзеня.

"Сітуацыя складаная, але не безнадзейная, — сказаў пасол. — Мы ўжо атрымалі ад МЗС Беларусі дазвол, каб памяняць юрыдычны адрас. На гэтым тыдні падпішам папярэдні дагавор з уласнікам новага будынка, потым — дадатковыя перамовы па ўмовах. На ўсё гэта трэба час. Спадзяюся, што беларускі бок разумее, што не толькі мы вінаватыя ў гэтай сітуацыі, і будзе дзейнічаць у адпаведнасці з дыпламатычнымі пагадненнямі".

Як раней паведамлялася, на прэс-канферэнцыі ў верасні Шарэпка заяўляў, што польскаму боку не ўдаецца ўзгадніць з беларускім МЗС варыянты размяшчэння дыппрадстаўніцтва ў Мінску. "На нашы запыты мы не атрымалі ніякага афіцыйнага адказу з боку дыпсэрвісу. Пасля паўторных просьбаў былі два варыянты, якія нас не задаволілі, бо ў адным будынку нельга нават кандыцыянер падключыць, а другі занадта маленькі, увесь персанал пасольства там не змесціцца", — казаў тады дыпламат.

Ён таксама паведаміў, што пасольства самастойна знайшло добры варыянт. "Але гэта прыватны будынак, і цяпер уладальнік завяршае працэс афармлення ўсіх дакументаў. Пасля гэтага мы павінны будзем яшчэ раз звярнуцца ў дыпсэрвіс, каб атрымаць дазвол пачаць нейкія працы. Гэта зойме паўгода", — паведаміў Шарэпка.

У сваю чаргу МЗС Беларусі раскрытыкаваў заявы пасла Польшчы ў сувязі з сітуацыяй з новым будынкам для пасольства. "На вялікі жаль, у сваіх заявах наконт будынка пасол Польшчы спадар Шарэпка моцна хітруе", — гаварылася ў распаўсюджаным 23 верасня каментары прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных.

Паводле яго інфармацыі, "польскі бок з поўным выкананнем усіх юрыдычных працэдур быў праінфармаваны аб спыненні кантракта на арэнду будынка пасольства яшчэ пяць гадоў таму". "У 2008 годзе польскаму пасольству быў выдзелены ўчастак зямлі ў прэстыжным месцы Мінска для будаўніцтва новага будынка. Польскі бок пагадзіўся з гэтай прапановай і падпісаў адпаведны прававы акт", — адзначыў Савіных. "Далей польскі бок проста не рабіў ніякіх бачных для нас захадаў. На жаль, мы ўсё часцей і часцей сутыкаемся з прыкладамі, калі за звонкімі фразамі і дэманстратыўнымі позамі польскай дыпламатыі таіцца адсутнасць разумнага сэнсу, а часам, як у гэтым канкрэтным выпадку, — звычайная безадказнасць", — заявіў прадстаўнік МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0