Сёння «НН» пра свае любімыя песні распавядае журналістка Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, якая пасля падзеяў 19 снежня 2011 года апынулася ў турме, а пасля была асуджаная на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. Якую музыку любіць спадарыня Ірына?

«Адна з самых-самых любімых маіх песняў, гэта Bella Ciao — песня італьянскіх партызанаў, у ёй столькі экспрэсіі, столькі сэрца! Гэта ўвогуле ўласціва да міжземнаморскіх народаў. Я знайшла вельмі шмат розных версій гэтай песні, і кожнай з іх мне хацелася падпяваць. Сапраўдны мабілізацыйны гімн.

З дзяцінства я люблю песню «Какое мне дело» з фільма «Апошні дзюйм». Я памятаю, як мы з татам глядзелі гэты фільм, і неверагодны бас опернага спевака Міхаіла Рыбы, гісторыя, якая ў песні, адначасова простая і складаная — усё гэта мяне вельмі ўзрушыла. І сама сцэна, калі хлопчык цягне свайго параненага бацьку і кажа яму «ты не выжывеш», але ўсё адно цягне. З таго першага прагляду прайшло гадоў трыццаць, але калі я бачу ў праграме «Апошні дзюйм» я абавязкова сядаю яго глядзець, і слухаць гэтую песню.

Калі з’явіўся альбом «Я нарадзіўся тут» мяне проста да слёз узрушыла «Развітанне з Радзімай». Гэта вельмі хрэстаматыйны твор, у кожнага з ім звязана нешта сваё — як у тых, хто вучыўся ў музычнай школе і граў эцюды Чэрні. Але гэтая гітарная версія, у спалучэнні з цудоўнымі вершамі і кранальным вакалам Веранікі Кругловай! Я памятаю ў 2006 годзе мы спрачаліся з Інай Кулей і Аляксандрам Мілінкевічам наконт таго, якая песня мусіць быць гімнам. Ён тады казаў, што «Магутны Божа», а мы, жанчыны, былі менавіта за вось гэтае выкананне «Развітання з Радзімай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?