Нядаўна Лукашэнку злавілі альбо на няведанні, альбо на простай хлусні: адказваючы падчас прэс-канферэнцыі 23 снежня на пытанне пра беларускі катынскі спіс, ён заявіў, што «ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі знішчана не было». Пры гэтым ён падкрэсліў, што «займаўся пытаннем».

Такога кшталту ляпы — фірмовы знак як бы гісторыка Лукашэнкі.
І калі копірайт на самыя фантастычныя перліны, кшталту Францішка Скарыны ў Піцеры, безумоўна належаць яму самому, безліч драбнейшых памылак, шчодра рассыпаных па лукашэнкаўскіх прамовах на гістарычныя тэмы — заслуга ягоных спічрайтэраў.
Калі Лукашэнка кажа, што ён «займаўся пытаннем» — значыць, ягоныя падначаленыя рыхтавалі для яго адмысловае дасье.
Мяркую, што менавіта яны прадставілі польскіх афіцэраў, расстраляных ў Катыні (4 421 чалавека), як катынскі спіс, які насамрэч налічвае 21 857 ахвяр і уключае 7 305 чалавек, расстраляных у турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.
Як і ў выпадку з катынскім спісам, халтурная праца лукашэнкаўскай абслугі найбольш відавочная тады, калі гаворка ідзе пра лічбы.
Асабліва цікавымі з’яўляюцца выпадкі, калі з досыць вялікай верагоднасцю можна адсачыць паходжанне ляпаў.
Вось толькі адзін прыклад: «только в Брестской крепости гитлеровцы потеряли столько же живой силы, сколько во время всей французской кампании»
(з выступу Лукашэнкі на ўрачыстым зборы, прысвечаным 65-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 7 мая 2010 года).
Страты 45-й пехотнай дівізіі вермахта, якая штурмавала Брэсцкую крэпасць, добра вядомыя: 453 забітых, 668 параненых. Добра вядомыя і нямецкія страты падчас французскай кампаніі: 45 074 забітых, 110 043 параненых, 18 384 — прапаўшых без вестак
(у большасці выпадкаў гэта азначае, што яны загінулі таксама).

Як кажуць, ацаніце розніцу.

Чаму маўчыць Інстытут гісторыі НАН — зразумела. Але цікава, чаму лукашэнкаўскія спічрайтэры палічылі, што гэтыя страты роўныя?

Здаецца, адказ можна знайсці на рускай старонцы Вікіпедыі, у артыкуле «Французская кампанія». У выніковай калонцы «Чалавечыя страты» страты Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембургу і Польшчы аб’яднаныя: 360 000 забітых і параненых, а вось страты іх праціўнікаў — Германіі і Італіі — даюцца паасобку. Страты Італіі — 1 247 забітых і 2 631 параненых — стаяць унізе. Выглядае, што халтуршчыкі прынялі гэтыя лічбы за страты немцаў, крыху іх перакруцілі (яны ўсё роўна большыя, чым страты пры штурме Брэсцкай крэпасці) і ўставілі ў тэкст прамовы.

Цікава, ці пралезе гэтае «адкрыццё» ў падручнікі? І ўвогуле, quousque tandem, прыкарытныя халтуршчыкі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?