Партыя БНФ на пасяджэнні сойма 28 студзеня ў Мінску прыняла рашэнне ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах 2012 года, але пакінула за сабой права зняць сваіх кандыдатаў.

«Калі да пачатку датэрміновага галасавання ў краіне застануцца палітзняволеныя і калі ўсе нашы прадстаўнікі не будуць уключаны ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, мы знімем сваіх кандыдатаў з выбараў», — заявіў лідар партыі Аляксей Янукевіч.

У рашэнні, прынятым соймам, канстатуецца, што

«ў краіне адсутнічае легітымны дэмакратычны механізм», і нават абранне прадстаўнікоў апазіцыі ў склад палаты прадстаўнікоў «пры існуючай практыцы арганізацыі правядзення выбараў не можа служыць падставай для прызнання гэтага органа».

Сойм таксама лічыць, што «ва ўмовах фактычнай адсутнасці выбарчага працэсу і сумленнага падліку галасоў як удзел у выбарах, так і байкот не могуць быць рэалізаваныя ў поўнай меры».

Партыя мае намер арганізаваць кампанію па як мага больш шырокім вылучэнні сваіх членаў і прыхільнікаў у выбарчыя камісіі.
Як мага большую колькасць кандыдатаў у дэпутаты Партыя БНФ мае намер вылучаць партыйным спосабам.
Статус кандыдата ў дэпутаты партыя мае намер выкарыстаць для інфармацыйнай кампаніі па данясенні сваёй пазіцыі па найбольш важных пытаннях жыцця краіны, у прыватнасці аб пагрозе эканамічнаму і палітычнаму суверэнітэту Беларусі ад удзелу ў ЕўрАзЭС і АДКБ.

Акрамя таго, партыя мае намер акцэнтаваць увагу грамадства на праблемах практыкі прымянення выбарчага заканадаўства і бессэнсоўнасці датэрміновага галасавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?