Попыт на крэдыты знізіўся праз значнае павышэнне працэнтных ставак. Дэпазіты карыстаюцца шырокай папулярнасцю, прычым з той самай прычыны.

Аднак акрамя банкаў у Беларусі ёсць і іншыя фінансава-крэдытныя ўстановы, дзейнасць якіх заключаецца ў прыцягненні сродкаў ва ўклады і выдачы пазыкаў насельніцтву. Гэта крэдытныя саюзы.

Ігар Мікульчык, старшыня праўлення Рэспубліканскага мікрафінансавага цэнтра, адзначае, што апошнім часам у іх таксама назіраецца збытак укладаў, у той час як попыт на крэдыты знізіўся.

Кіраўніцтва арганізацыі гатовае пайсці на зніжэнне ставак:

— Попыт на атрыманне крэдытных пазык крыху зменшыўся. Справа ў тым, што працэнтныя стаўкі цяпер вельмі высокія. У кагосьці яшчэ можа быць не да канца выплачаная пазыка па мінулым крэдыце, ды і цэны моцна выраслі — на прадукты, на камунальныя паслугі, на абслугоўванне аўтамабіляў… А заробак застаўся практычна на ранейшым узроўні.

— Попыт ёсць, вядома, але ён невялікі. Затое ва ўклады людзі нясуць грошы вельмі актыўна, — кажа І. Мікульчык. — Таму мы адчуваем цяпер некаторыя цяжкасці з размяшчэннем прыцягнутых сродкаў. Дарэчы, праўленне Цэнтра прыняло рашэнне аб зніжэнні працэнтных ставак з першага лютага.

Раней уклады прымаліся крэдытнымі саюзамі па стаўках на ўзроўні 70% гадавых.

Алена Каляда, старшыня праўлення ПК «Сталічны клуб узаемадапамогі», на пытанне, ці можна казаць пра дысбаланс паміж аб’ёмам прыцягнутых дэпазітаў і выдадзеных пазык, адказала каротка і адназначна — так!

— Я мяркую, праблема з размяшчэннем сродкаў ёсць цяпер ва ўсіх. Калі казаць у прыватнасці пра наш кааператыў, то мы цяпер наогул прыпынілі прыём укладаў. Такое рашэнне было прынятае пасля Новага года, са студзеня. Рэаліі цяпер такія, што попыт на крэдыты моцна ўпаў. Гэта звязана, па-першае, з высокімі стаўкамі, а па-другое, з тым, што плацежаздольнасць грамадзян істотна знізілася. Сёння людзі пачалі больш абдумана і свядома падыходзіць да пытання пра пазыку грошай, усе разумеюць, што іх так ці інакш давядзецца аддаваць. Мы цяпер думаем пра зніжэнне ставак. Працэс гэты няпросты, эканамісты будуць лічыцьбо ўсё павінна быць абгрунтавана… Але стаўкі адназначна будуць зніжаныя.

Вядома, казаць пра нейкія канкрэтныя лічбы і тэрміны пакуль рана. Аднак перадумовы да зніжэння ставак па ўкладах ужо ёсць, і гэты працэс, відавочна, закране ўсе фінансава-крэдытныя ўстановы краіны. Тым больш што стаўкі па дэпазітах за апошні месяц увесь час зніжаюцца рознымі банкамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?