Як раней паведамлялася, былы следчы пракуратуры, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Прававая дапамога насельніцтву» (Кіеў) Алег Волчак быў затрыманы ў Мінску 27 студзеня. На вуліцы да яго падышоў міліцыянер, папрасіў для праверкі дакументы і затрымаў праваабаронцу. Волчак паспеў паведаміць па тэлефоне, што яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве (арт. 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Пасля складання адміністрацыйнага пратакола затрыманага даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, дзе ён знаходзіўся да суда.

Чакалася, што працэс па адміністрацыйнай справе Волчака адбудзецца раніцай, аднак у суд яго даставілі прыкладна ў 13.50. Усю першую палову дня пра лёс затрыманага праваабаронцы нічога не было вядома. Паводле слоў відавочцаў, Волчак выглядае нармальна.

Як паведамілі некаторыя інтэрнэт-рэсурсы, праваабаронца быў затрыманы перад паездкай за мяжу для ўдзелу ў міжнародным праваабарончым мерапрыемстве. Паводле некаторых звестках, у Волчака нібыта планавалася сустрэча «з групай афіцэраў-патрыётаў» (Волчак — удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане).

Варта адзначыць, што тыдзень таму, 23 студзеня, Алег Волчак прэзентаваў у Мінску справаздачу «Прававой дапамогі насельніцтву» па крымінальнай справе Алеся Бяляцкага — віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, асуджанага ў лістападзе 2011 года на 4,5 года пазбаўлення волі за «ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры».

Міжнародны праваабарончы праект «Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў» запатрабавала ад беларускіх улад неадкладнага вызвалення Алега Волчака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?