1 лютага ў Беларусі нарэшце запрацавала паслуга пераносу нумара. Доўгачаканай яна была толькі для турэцкага аператара Life:), а вось беларуска-расійскі МТС і аўстрыйскі Velcom энтузіязму наконт новаўвядзення не выказвалі. Туркі спадзяюцца ў бліжэйшыя год-два дагнаць «вялікую двойку» і сваёй актыўнасцю стымулююць рынак мабільнай сувязі да пераменаў.

На шляху «перабежчыкаў» Velcom выставіў грашовую перашкоду — ахвотныя забраць нумар будуць вымушаныя заплаціць 79 тысяч рублёў.
Дарэчы, МТС просіць 15 тысяч, а Life:) гатовы адпусціць кліентаў бясплатна.

Заява на адключэнне з правіламі пераносу нумара

Заява на адключэнне з правіламі пераносу нумара

Адмацаванне, атрыманае пры адключэнні

Адмацаванне, атрыманае пры адключэнні

У якасці эксперыменту карэспандэнт «Нашай Нівы» вырашыў перавесці свой нумар з сеткі МТС на Life:). Працэдура ўяўлялася надзвычай простай і хуткай — тым больш зусім непадалёку ад дома знаходзіцца буйны гандлёвы цэнтр, у якім адкрытыя прадстаўніцтвы ўсіх трох аператараў. Аднак, як высветлілася, адключыцца ад МТС было не так і проста. Супрацоўнікі дробнага пункта продажаў параілі звярнуцца ў эксклюзіўны цэнтр продажаў у іншым гандлёвым цэнтры. Падарожжа туды аказалася марным — аказалася,

ва ўсім Мінску забраць свой нумар МТС можна толькі ў галоўным офісе.
Калі Velcom выпрабоўвае ахвотных змяніць нумар грашыма, то МТС - адлегласцю.

Адключэнне

Што ж, едзем да Парка Чалюскінцаў. Чарга расцягнулася на 15 чалавек, таму да свабоднага аператара ўдалося дабрацца толькі праз 20 хвілін. «А ў якую сетку пераходзіце?» — пытаецца супрацоўніца. Гэтага пытання ў заяве, якую трэба запоўніць, няма.

Відаць, цікавяцца для кіраўніцтва, куды ўцякаюць кліенты.
Адчуваецца, што супрацоўнікі яшчэ не давялі свае дзеянні да аўтаматызму, таму пастаянна звяртаюся да раздрукаваных інструкцый. «Многа тут такіх за дзень было?» — «Вы шосты. У астатнія вокны таксама падыходзяць, але агульнай статыстыкі пакуль няма», - адказваюць мне.

Запаўненне анкеты, праверка іншых рахункаў, зарэгістраваных на пашпарт, закрыццё старой дамовы — на ўсе аперацыі сыходзіць яшчэ хвілін 20. Дарэчы, калі на старым нумары засталіся грошы, іх можна вярнуць у бухгалтэрыі МТС ці налічыць на ўказаны ў заяве нумар. У выніку на руках у абанента мусіць застацца аркуш паперы, з якога вынікае, што аператар-донар не супраць адпусціць яго.

Падключэнне

Наступны пункт — офіс новага аператара. Каб не катацца марна па горадзе, тэлефаную ў сервісную службу, каб спытаць, дзе знаходзіцца найбліжэйшы цэнтр падключэння, і рушу па ўказаным адрасе. Цешыць, што такая кропка хаця б не адна на ўвесь горад.

«Вы будзеце ў нас за сёння першым!» — радасна кажуць мне ў цэнтры.
Даволі сімвалічна, калі ўлічыць, што турэцкі аператар якраз праводзіць акцыю па перацягванні кліентаў «Будзь першым з Life:)!" Супрацоўнікі кажуць, што да іх заходзілі ўдакладніць правілы пераносу нумара многія мінчукі, але на такі крок пакуль не адважыліся. «Відаць, у бліжэйшыя дні прыйдуць», — робяць выснову яны.

Запаўненне папер займае яшчэ з паўгадзіны. Працэдура праходзіць навобмацак — аператары, як і ў МТСе, яшчэ не спрактыкаваныя. Ад мяне патрабуецца падпісаць новую дамову з аператарам і выбраць тарыфны план. Дарэчы,

на час пераносу турэцкі аператар выдае часовы нумар.

«На працягу трох дзён вам прыйдзе СМС-паведамленне, што новы нумар актывізаваны», — развітваюцца са мной супрацоўнікі цэнтра падключэнняў. Застаецца чакаць і спадзявацца, што перанос адбудзецца раней, бо ў тых, хто паспеў перанесці свой нумар ранкам, сувязь запрацавала ўжо ўвечары.

* * *

А ці збіраецеся Вы змяняць свайго аператара? Адказвайце ў каментарах.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?