У Беларусі працуе каля 40 інтэрнэт-правайдараў, але большасць з іх — дробныя кампаніі, спіс абанентаў якіх не налічвае і некалькі тысяч чалавек. Сярод іх шмат былых лакальных камп’ютарных сетак. Некаторыя з іх пасля прымусовай легалізацыі пераўтварыліся ў акцыянерныя таварыствы, іншыя далучыліся да мацнейшых суседзяў.

Ёсць і зусім экзатычныя правайдэры, напрыклад, Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (Belisp).

Паводле падлікаў Міністэрства сувязі Беларусі,

абаненцкая база шырокапалоснага доступа да інтэрнэту перавышае 2 мільёны чалавек. Мабільным інтэрнэтам тым часам карыстаюцца каля 1,8 мільёна беларусаў.
Апошняя лічба пастаянна расце і можа неўзабаве зраўняцца з першай. Мабільных аператараў усяго чацвёра, і новых ігракоў чакаць на рынку няварта.

А вось сярод астатніх правайдараў большая разнастайнасць. Кожны можа вырашыць для сябе, каму плаціць грошы за інтэрнэт — дзяржаве, прыватніку ці замежнікам.

«Наша Ніва» расказвае пра ўласнікаў пяці найбольш папулярных кампаній, якія прадастаўляюць шырокапалосны доступ да інтэрнэту.

1. ByFly («Белтэлекам»)

Акцыянер — Фонд дзяржаўнай маёмасці Беларусі.

Самы прыбытковы і самы папулярны правайдэр краіны не губляе свайго лідарскага палажэння. «Белтэлекам», у адрозненні ад канкурэнтаў, фактычна не мае ўнутраных рэсурсаў, але дазваляе падключыцца да неабмежаванага інтэрнэту ледзь не ў кожнай кропцы краіны.

Гэтага хапае, каб мець больш за 1 150 тысяч абанентаў.
Доля «Белтэлекама» ў сталіцы складае каля 40%, але ў рэгіёнах палажэнне манапаліста звыштрывалае.

Няглядзечы на пастаянные прэтэнзіі з боку канкурэнтаў, правайдэр нарошчвае кліенцкую базу. Балансавы кошт нацыянальнага аператара ацэньваецца дзяржавай у $2 мільярды.

2. «Атлант-Тэлекам» («Альтэрнатыўная лічбавая сетка»)

Акцыянеры — «Зубр Капітал» (Алег Хусаенаў), Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.

Найбуйнейшы прыватны правайдэр можа пахваліцца прыблізна 170 тысячамі абанентаў. Траціна з іх была здабыта некалькі дзён таму, калі акцыянеры холдынга купілі 100% акцый кампаніі «Сола». Пакуль правайдэр працуе толькі ў абласных цэнтрах. Прыемна, што

фізічным асобам прадастаўляецца інтэрнэт пад беларускамоўным брэндам «Шпаркі Дамавік».

«Альтэрнатыўнай лічбавай сеткай» кіруе інвестыцыйная кампанія «Зубр Капітал» на чале з мільянерам Алегам Хусаенавым, які вядомы перадусім праз свой аўтамабільны бізнэс — кампанію «Атлант-М».

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця валодае 35% акцый холдынга. З яго дапамогай «Зубр» паспяхова скупляе дробных правайдараў. Напрыклад, да «Сола» была выкуплена гомельская «Тэлесетка». Генеральны дырэктар «Атлант-Тэлекама» Ігар Сукач кажа, што перамовы аб зліцці з іншымі правайдарамі вядуцца пастаянна. Сапраўды, каб даць бой «Белтэлекаму», трэба мець салідную абаненцкую базу.

3. «Космас ТБ»

Акцыянеры — Рэспубліканскі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр (дзяржава), International Telcell, Inc («Рэнова», расіянін Віктар Вексельберг).

Прыярытэтным накірункам мінскага аператара «Космас ТБ» застаецца тэлебачанне (каля 150 тысяч абанентаў), але і карыстальнікаў інтэрнэта налічваецца шмат — каля 80 тысяч чалавек.

50% акцый правайдара па-ранейшаму належаць дзяржаве, другой паловай валодае расійскі алігарх Віктар Вексельберг.
Фармальна гэтая частка акцый належыць ягонай амерыканскай кампаніі Renova Media Enterprises, якая шэсць гадоў таму купіла кампанію International Telcell, Inc, яквя была сузаснавальнікам «Космас ТБ».

Планаў выхаду за межы сталіцы правайдэр не выказваў.

4. «Дзелавая сетка»

Акцыянеры — «БТ Тэлекамунікацыі» (Уладзімір Пефціеў), Kenwood Corporation Ltd (Англія), «Белтэлекам».

На рэпутацыі «Дзелавой сеткі» пэўны адбітак пакідае блізкасць да беларускага алігарха Уладзіміра Пефціева. Гэта адзіны правайдэр, супраць якога ўскосна былі ўведзеныя санкцыі Еўрасаюза.

Кампанія была створана ў 1998 годзе па ініцыятыве Міністэрства сувязі Беларусі. Акцыі былі падзеленыя паміж англійскай карпарацыяй Kenwood Corporation Ltd, «Белтэлекамам» і «Белтэхэкспартам» Пефціева.

За кошт блізкасці да рэсурсаў «Белтэлекама» кампанія працуе ў 15 гарадах Беларусі. Яе паслугамі карыстаюцца каля 50 тысяч чалавек. «Дзелавая сетка», таксама як і «Белтэлекам», мае права прадаваць іншым правайдарам доступ да інтэрнэту.

5. МТІС

Акцыянер — Мінгарвыканкам.

Яшчэ адзін дзяржаўны манапаліст, Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі, можа забяспечыць інтэрнэтам кожную мінскую кватэру праз тэлевізійны кабель. Засталося заахвоціць абанентаў, а з гэтым пакуль праблема. Паслугамі правайдара карыстаюцца каля 20 тысяч чалавек.

* * *

Паслугамі якога правайдэра карыстаецеся Вы? Адказвайце ў каментарах.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?