Станіслаў Рамановіч даслужыўся да старшыны.

Станіслаў Рамановіч даслужыўся да старшыны.

Медрота: аблупленыя сцены, столі ў плесні, сырасць і холад.

Медрота: аблупленыя сцены, столі ў плесні, сырасць і холад.

Цяпер, пасля арміі Стась носіць шапку з Пагоняй. Фота Сяргея Гудзіліна.

Цяпер, пасля арміі Стась носіць шапку з Пагоняй. Фота Сяргея Гудзіліна.

Маладафронтаўца з Магілёва Станіслава Рамановіча забралі ў войска ў ліпені 2010.

Ён палічыў свой прызыў палітычным — перад гэтым яго адлічылі з універсітэта. Аднак ад службы касіць не стаў, паабяцаўшы застацца ў войску самім сабой і размаўляць там па-беларуску.
Пачынаў службу ў 56-м палку сувязі ў Мінску. Працягваў у 72-м Аб’яднаным навучальным цэнтры ў Барысаве.

Па-беларуску — толькі ў вольны час

Спярша Рамановіч размаўляў з усімі выключна на беларускай мове.
Хтосьці з курсантаў называў Станіслава «бээнэфаўцам», а некаторыя спрабавалі адказваць яму па-беларуску. У цэлым рэакцыя была пазітыўная.
Калі пачаліся нарады, яго папярэдзілі: па-беларуску — толькі ў вольны час.
Тлумачэнне камандзіраў было каланіяльным: усе статуты і дакументы ў войску распрацаваныя па-расійску. Сярод многіх афіцэраў пануе стэрэатып непрыдатнасці роднай мовы ў войску.
Стаўшы cяржантам, Станіслаў пачаў запаўняць дакументацыю па-беларуску.
Абгрунтоўваў гэта сваім канстытуцыйным правам, аднак усё адно займеў непрыемнасці.
«Пагражалі зняць з нараду, а то і арыштаваць».

Хлопец кажа, што ў Пячах мову фактычна выціснулі з ужытку. Паўсюль расейшчына. Нават намеснік камдыва па ідэалогіі прызнаў праблему, адзначыўшы, што яна характэрная для грамадства ў цэлым.

Ад «Нашай Нівы» да nn.by

У войску Станіслаў падпісаўся на «Нашу Ніву».
Камандзіры прыкладалі намаганні, каб газету не бачылі іншыя салдаты. У той жа час многія з іх самі выказвалі жаданне пачытаць.

Калектыўнае чытанне «няправільнай» прэсы раздражняла. Як і выпадкі, калі саслужбоўцы Рамановіча звярталіся да яго з «палітычнымі» пытаннямі. «Мяне вінавацілі ў агітацыі, абяцалі праблемы», — кажа Станіслаў.

Пазней большасць салдатаў пачала карыстацца мабільным інтэрнэтам.
«Многія даведаліся пра сайт nn.by і пачалі шукаць навіны самастойна».

Так Рамановіч даведаўся пра падзеі 19 снежня 2010.

Дарэчы, тэлефонамі салдаты могуць карыстацца ў вольны час. Дазвол на мабілкі дае камандзір.

Дзедаўшчына не памірае

З назіранняў Станіслава вынікае, што «дзядуха» захавалася ў часцях спецпрызначэння, а таксама ў невялікіх часцях наводдаль ад гарадоў.
У Пячах, па яго словах, пазастатутныя адносіны квітнеюць у тэхнічным цэнтры. У ім служаць у асноўным хлопцы з нізкім узроўнем адукацыі. Многія маюць за плячыма крымінальнае мінулае. Тут захаваліся і ганебныя традыцыі так званых пераводаў, і фізічны здзек. Хлопец сцвярджае, што за перавод патрабуюць як нідзе: «Калі ў большасці месцаў плацяць па 200–300 тысяч, то тут даходзіць да мільёна».
Рамановіч расказвае, што аднойчы некалькі салдатаў заявілі пра здзекі.
Справай занялася контрвыведка. А потым іх выклікалі ў юрыдычны аддзел тэхчасці і абвінавацілі ў паклёпе на саслужбоўцаў. Праверка нічога не выявіла. Станіслаў кажа, што войска застаецца закрытай для грамадства структурай, а дзедаўшчына — гэта тое, пра што тут хочуць гаварыць у апошнюю чаргу.

А вось там, дзе ўвесь час кантроль і праверкі, дзедаўшчыну ўдаецца калі не перамагчы канчаткова, то моцна прыціснуць.

Лепей не хварэць

Яшчэ адна праблема — медыцына.
Станіслаў расказвае, што ў іхняй медроце былі жахлівыя ўмовы: аблупеныя сцены, столі ў плесні, сырасць і холад. Дактары на дзяжурства прыносяць набытыя за свае грошы лекі.
«Салдаты купляюць за свае грошы ўсё: ад аспірыну і вітамінаў да вушных кропляў.
Антыбіётыкі калі і ёсць, то слабыя. Горла лечым соллю. Так што лепей тут не хварэць».

Ён уздымаў гэтае пытанне на сяржанцкай радзе. Яго выслухалі і абяцалі разабрацца. Аднак нічога не змянілася.

Рэформа ў дзеянні: катлеты з рысам

Пачатак службы запомніўся сечкай і «гумовым» мясам.

У другі і трэці перыяд меню стала багацейшым.
З’явіліся катлеты, паболела кашаў. Магчыма, пачала дзейнічаць анансаваная раней рэформа.
Перамены прыйшлі і ў казармы.
Тут ідзе бесперапынны рамонт. Іншая справа, кажа Станіслаў, асноўныя працы робяцца сіламі салдатаў. «Нам казалі: самі зробім два паверхі. Цывільныя майстры за гэтыя грошы зробяць адзін».

Грошай у войску бракуе, гэта факт, згаджаецца Рамановіч. Але атрымліваецца, што многія салдаты замест вучобы (а гэта ж менавіта вучэбны цэнтр) месяцамі працуюць на рамонце. Акрамя таго, бясплатная праца стварае глебу для карупцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?