Продаж новых аўтамабіляў у 2012 годзе ў параўнанні з мінулым можа скараціцца на 25%, прагназуе старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргей Міхневіч.

Паводле звестак БАА,

у 2011 годзе аб’ём продажу новых аўтамабіляў (з улікам расійскіх і імпартных брэндаў) склаў 16 тысяч 275 машын. «Але сёлета добра, калі аўтадылерам удасца прадаць 12 тысяч новых аўтамабіляў», — сказаў Міхневіч на прэс-канферэнцыі ў Мінску 9 лютага.

Адна з асноўных прычын прагназуемага падзення рынку новых аўтамабіляў — адмена льготы па ПДК пры ўвозе і рэалізацыі аўтамабіляў юрасобамі і прадпрымальнікамі. Гэтае новаўвядзенне замацавана ва ўказе кіраўніка дзяржавы № 36, які набыў моц у студзені гэтага года. Указ адмяніў ранейшы парадак збірання ПДК з выкарыстаннем у якасці падатковай базы розніцы паміж цаной набыцця і цаной рэалізацыі аўтамабіля праз дылерскія сеткі. Падатковай базай для падліку ПДК цяпер з’яўляецца ўвесь кошт аўтамабіля.

Паводле слоў Міхневіча,

«калі б не ўказ № 36, то, згодна з прагнозамі аўтадылераў, рынак новых аўтамабіляў сёлета перавысіў бы 20 тысяч новых аўтамабіляў» (рост на 25%). Замест гэтага чакаецца падзенне рынку на тыя ж 25%, найперш у сувязі з ростам цэн на новыя аўтамабілі прыкладна на 15–16% з-за адмены льготы па ПДК, падкрэсліў ён.

Міхневіч перакананы, што ад увядзення ўказа дзяржава губляе больш, чым набывае. Скарачэнне ўвозу новых іншамарак прывядзе да скарачэння мытных паступленняў, ПДК, падаткаў, якія спадарожнічаюць даходам банкаў і страхавых кампаній. «І гэта адзін з нашых аргументаў, якія пацвярджаюць неабходнасць перагледзець стаўку ПДК на ўвоз і рэалізацыю аўтамабіляў», — адзначыў кіраўнік БАА.

У асацыяцыі лічаць адэкватным устанавіць стаўкі ПДК на аўтамабілі, якія ўвозяцца, на ўзроўні 10%. «Мы звярталіся з гэтым пытаннем у Міністэрства па падатках і зборах, аднак нам адказалі, што аўтамабілі — гэта не прадмет першай неабходнасці, таму індывідуальных ставак па ПДК для аўтамабіляў міністэрства не бачыць неабходнасці разглядаць», — паведаміў Міхневіч.

Каб неяк нівеліраваць рост цэн, аўтадылеры пачалі перамовы з аўтавытворцамі па зніжэнні закупачнага кошту. Аднак па некаторых мадэлях, у тым ліку тых, на якія існуюць квоты для Беларусі, «шансы атрымаць цэнавыя паслабленні мінімальныя». «Заводу будзе больш выгадна прадаць аўтамабілі на іншы рынак па дзейных цэнах», — канстатаваў эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?