Беларускія землі ў часы Войшалка.

Беларускія землі ў часы Войшалка.

Малюнак з Лаўрышаўскага Евангелля.

Малюнак з Лаўрышаўскага Евангелля.

Алег Латышонак - нар.у 1957 у Эльблонгу — доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, выкладчык Беластоцкага ўніверсітэта. Аўтар гістарычных бестселераў “Жаўнеры БНР” і “Нацыянальнасць -- беларус”, выдадзеных віленскім “Інстытутам беларусістыкі”. Жыве ў Беластоку.

Алег Латышонак - нар.у 1957 у Эльблонгу — доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, выкладчык Беластоцкага ўніверсітэта. Аўтар гістарычных бестселераў “Жаўнеры БНР” і “Нацыянальнасць -- беларус”, выдадзеных віленскім “Інстытутам беларусістыкі”. Жыве ў Беластоку.

«Знайсці Лаўрышаўскі манастыр — значыць з пэўнасцю даведацца, якія землі называлі «Літвой», — cцвярджаецца ў артыкуле «І дзе ж тады Літва?» («НН» №2’2012), прысвечаным раскопкам у Лаўрышаве над Нёмaнам, падчас якіх экспедыцыя пад кіраўніцтвам прафесара Сяргея Рассадзіна выявіла культурны слой другой паловы ХІІІ ст.

Крыху здзіўляе толькі даказванне Рассадзіным, што «тут была не Літва па Ермаловічу, а праваслаўная Русь», і тое, што ён абрынуўся на археолагаў, якія быццам бы шукалі манастыр там, дзе «заведама немагчыма знайсці сляды праваслаўнай старажытнарускай культуры».

Я не разумею, пра што Рассадзін. Ніхто ж і ніколі не сумняваўся ў праваслаўнасці ні Войшалка, ні Лаўрышаўскага манастыра, але ж адкрыццё місійнага рускага манастыра ніяк не сведчыць пра рускі характар зямлі, на якой ён быў фундаваны.

Тым не менш, каментар у журналістаў «НН» атрымаўся ў падобнай паэтыцы. Паводле іх, «на думку большасці даследчыкаў, у той час у раёнах на правым беразе Нёмана яшчэ гаварылі па-балцку і трымаліся сваіх старых багоў». Няма ведама, адкуль аўтары ўзялі гэтую «большасць».
Наўрад ці хто сур’ёзны адважыцца выказвацца ўпэўнена наконт мовы, на якой гаварылі тады над Нёманам. Затое можна сказаць упэўнена, што большасць даследчыкаў мяжу Наваградскай зямлі праводзіць не па Нёмане, а ў пэўнай адлегласці ад правага берага гэтай ракі.
Ва ўсім гэтым даказванні, дзе была Літва, а дзе праваслаўная Русь, губляецца найважнейшае (прынамсі для мяне) пытанне: а дзе ж тады Беларусь?
Пытанне якраз вельмі актуальнае, калі гаворым пра Лаўрышаўскі манастыр, яго заснавальніка Войшалка і навяртанне ў хрысціянства літоўцаў.
Назва «Белая Русь» была першы раз запісаная як Alba Ruscia менавіта пры жыцці Войшалка ананімным каталіцкім місіянерам у геаграфічным трактаце «Апісанне зямель».
Аўтар трактата, апісваючы, як карэлы прымаюць чужынцаў, напрыклад, купцоў, расказвае: «Адзін з іх, слухаючы брата Вайслана, майго таварыша, які прапаведаваў на Белай Русі, заклікаў яго ісці з ім да згаданых карэлаў, даводзячы, што, без сумнення, давёў бы іх да праўдзівага бога праз хрышчэнне і пры жаданні збудаваў бы там касцёлы».
Пераклад Алеся Жлуткі, у якім я працытаваў «Апісанне», — дасканалы прыклад таго, як прадузятасць уплывае на вынікі навуковай працы.
Жлутка пераклаў лацінскае слова ecclesias як «касцёлы», што на беларускай мове абазначае выключна каталіцкія святыні. Нейтральны тэрмін, які абазначае хрысціянскую святыню —, гэта «царква», і лепш бы Жлутка скарыстаў менавіта гэтае слова.

Не здзіўляюся перакладчыку, бо я сам, як і ўсе іншыя даследчыкі, разглядаў «Апісанне зямель» выключна ў кантэксце каталіцкай місіі сярод балцкіх народаў.

Каталіцкае веравызнанне Ананіма не падлягае дыскусіі, але не тоеснасць Вайслана.
Частка польскіх вучоных схільная бачыць у Вайслане паляка Войслава, а торуньскі даследчык Яраслаў Вента адшукаў нават нейкага Войслава сярод францысканцаў, якія ў той жа час аддалі жыццё за веру ў Прусіі. Тым не менш нават прачытанне імя Вайслан як Войслаў не робіць з яго паляка.
Вось як кракаўскі летапіс паведамляе аб смерці Войшалка: «Князь Леў, сын караля Русі Данілы, забіў Войслава, сына літоўскага князя Міндаўга». Такім чынам, Войшалк для польскага летапісца — менавіта Войслаў.
Для Алеся Жлуткі гэта доказ славянскасці Войшалка, але для мяне важна адно: будзь ён балтам, будзь славянінам, яго імя магло быць запісанае і як Вайслан/Вайслаў.
Пытанне толькі, ці мог каталіцкі місіянер назваць братам і таварышам праваслаўнага місіянера?
Адказаць на гэта можна толькі апасродкавана, паказваючы агульны фон падзеяў.
Ананім лічыць, што Еўропа падзяляецца на дзве часткі: Заходнюю і Усходнюю царкву. Ён далучае праваслаўных да саборнай Царквы.
Гэта дазваляе бачыць у ім адну з асобаў, якія мелі дачыненне да экуменічнай акцыі ў Галіцка-­Валынскім княстве, у выніку якой князь Даніла Раманавіч прызнаў уладу Папы на Ліёнскім саборы ў 1247 г.
Духоўным правадыром Войшалка як праваслаўнага манаха быў ігумен Рыгор, які прадстаўляў інтарэсы Данілы Галіцкага і яго дзяржавы на тым Ліёнскім саборы.
Войшалк выступіў супраць Данілы толькі пасля таго, як той падпарадкаваўся татарам.
Акцыя татараў мела нават не палітычнае, а большае, цывілізацыйнае вымярэнне: яны лічылі, што Русь — частка Усходу і павінна належаць ім (чытай — Еўразіі), а не правадніку Захаду — Папу.
Войшалк, пакідаючы Лаўрышаўскі манастыр, праўдападобна, кіраваўся прыватнымі матывамі, якія з веравызнаннем не мелі нічога супольнага, а яго праваслаўнасць у далейшым не падлягае дыскусіі. Тым не менш, у вачах Ананіма, які не ведаў пра вераадступніцтва Міндаўга ў 1260 г., праваслаўны Войшалк мог бачыцца як заступнік Захаду ад нялюбых «тартараў», вершнікаў з пекла родам.
А калі Войшалк — гэта брат Вайслан, які навучаў у Белай Русі, дык у той жа Белай Русі, проста Беларусі, знаходзіўся Лаўрышаўскі манастыр і ўся Наваградская зямля.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?