Каб паказаў, як ён схуднеў, Каваленка зняў кашулю. photo.bymedia.net

Каб паказаў, як ён схуднеў, Каваленка зняў кашулю. photo.bymedia.net

Небяспечны злачынец Сяргей Каваленка. Кадр з відэа Таццяны Гаўрыльчык.

Небяспечны злачынец Сяргей Каваленка. Кадр з відэа Таццяны Гаўрыльчык.

Сяргей Каваленка, змізарнелы ад галадовак. Фота Сяргея Гудзіліна.

Сяргей Каваленка, змізарнелы ад галадовак. Фота Сяргея Гудзіліна.

Чакаюць небяспечнага злачынцу. Фота Сяргея Гудзіліна.

Чакаюць небяспечнага злачынцу. Фота Сяргея Гудзіліна.

Злачынца вядуць. Фота Сяргея Гудзіліна.

Злачынца вядуць. Фота Сяргея Гудзіліна.

Сяргей Каваленка пасля трохдзённай сухой галадоўкі пасміхаецца. Фота Сяргея Гудзіліна.

Сяргей Каваленка пасля трохдзённай сухой галадоўкі пасміхаецца. Фота Сяргея Гудзіліна.

Мама галосіць па сыну. Фота Сяргея Гудзіліна.

Мама галосіць па сыну. Фота Сяргея Гудзіліна.

Жонка Алена пабачыла мужа літаральна хвілінку. Фота Сяргея Гудзіліна.

Жонка Алена пабачыла мужа літаральна хвілінку. Фота Сяргея Гудзіліна.

Пад вартай. Фота Сяргея Гудзіліна.

Пад вартай. Фота Сяргея Гудзіліна.

Жонка Алена правядзе працэс за дзвярыма, бо яна праходзіць у якасці сведкі. Фота Сяргея Гудзіліна.

Жонка Алена правядзе працэс за дзвярыма, бо яна праходзіць у якасці сведкі. Фота Сяргея Гудзіліна.

Доктар не бачыць падставаў для шпіталізацыі. Фота Сяргея Гудзіліна.

Доктар не бачыць падставаў для шпіталізацыі. Фота Сяргея Гудзіліна.

17.22

У судзе абвешчаны перапынак да заўтра, 22 лютага. Паседжанне пачнецца а 14.00.

17.20

Суддзя зачытала копіі карты выкліку першай і другой брыгадаў «хуткай дапамогі» да знясіленага галадоўкай Сяргея Каваленкі. У іх ёсць розначытанні. Калі медыкі першай брыгады (доктар Дубакін) не пабачылі істотных зменаў стану здароўя і рэкамендавалі толькі назіранне па месцы знаходжання, дык лекары другой (доктар Фадзееў) лічаць, што падсуднаму пры паўторным звароце трэба будзе экстраная медыцынская дапамога.

Паколькі вынікі абследавання розняцца, суд скіраваў зварот у медычную частку СІЗА, каб там да 14.00 заўтрашняга дня вызначылі, ці можа Каваленка знаходзіцца ў судзе. Або яму трэба шпіталізацыя. Каваленку павезлі ў СІЗА.

16:45

Суддзя чакае медыцынскага заключэння. Каваленку нікуды не павезлі, а трымаюць у памяшканні суда.

16:25

Абедзьве брыгады хуткай дапамогі пакінулі суд. Каваленку вывелі. Ён паспеў паведаміць, што доктар сказаў пра неабходнасць шпіталізацыі.

15:49

Другую брыгаду медыкаў усё-такі дапусцілі да Каваленкі.

15:40

Агляд Каваленкі працягваецца. Родныя выклікалі яшчэ адну машыну хуткай дапамогі. Яны не вераць у дыягназ, які паставіла папярэдняя брыгада. Канвой не пускае другую брыгаду да Каваленкі.

Доктар з першай брыгады выйшаў хвілін 10 назад і падняўся на другі паверх.

15:08

Суддзя адхіліла адвод Каваленкі самой сабе.

Бацькі Каваленкі падалі хадайніцтва аб паўторным медаглядзе сына. Зноў абвешчаны перапынак.

Прыехала тая ж брыгада, што і першы раз. У іх няма бэджаў. На пытанне родных, дзе яны, адказалі, што бэджы адарваліся.

14:44

Каваленка выказаў адвод суддзі Жук. Падстава — перадузятасць, на думку Каваленкі. Адвакаты падтрымалі хадайніцтва. Пракурор супраць: паводле яго словаў, падставаў для гэтага няма. Суддзя выйшла ў дарадчы пакой, каб прыняць рашэнне.

14.31

Аднавіўся працэс. Новы перакладчык — Міхайлаў. Ён выкладае ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава. Адказвае на пытанні па-беларуску.

Суддзя знаёміць з картай медыцынскага агляду Каваленкі ў судзе. Аглядаў урач Дубакін. Дыягназ — элементарнае знясіленне 1 ступені, гастрыт. Рэкамендаваны медыцынскі нагляд. І не больш за гэта. І ў экстраннай медыцынскай дапамозе не мае патрэбы. Суддзя дапытвае Каваленку.

12.39

Мама Сяргея Каваленкі, выдаленая з залы суда, сказала прысутным у калідоры журналістам, што тут ёй знаходзіцца прасцей: «У зале сэрца разрываецца глядзець на сына».

12.38

Вярнулі ў залу Каваленку. Вярнулася і суддзя. Яна просіць маці Сяргея Каваленкі пакінуць залу.

Суддзя таксама выдаліла з залы грамадскага дзеяча Хрыстафора Жаляпава за зробленыя ім заўвагі.

Людзі з месцаў выгукваюць, абураюцца, патрабуюць выдаліць з залы агентаў у цывільным.

Суддзя агучыла медычнае заключэнне: ціск нармалёвы, кардыяграма нармалёвая, падсудны можа ўдзельнічаць у працэсе.

Абвяшчаецца перапынак да 14.30. Усе будуць абедаць. Усе, акрамя самога Каваленкі.

Каваленка пракрычаў, што будзе дабівацца яшчэ аднаго медагляду.

12.12

Доктар Дзмітрый Дубакін пастанавіў, што працэс можа працягвацца. Падставаў для шпіталізацыі няма: падсудны ў прытомнасці, усе паказчыкі ў норме. Лекар ад каментароў пра стан здароўя Каваленкі адмовіўся, не сказаў нічога ні журналістам, ні родным Каваленкі.

11.52

З залы ўсіх вывелі. Засталіся родныя. Медыкі там правядуць агляд. Суддзя выйшла. Маці крычыць: «Яны яго заб’юць! Не адпушчу, не адпушчу яго ў СІЗА». Сваякі плачуць.

Увогуле, суд момантамі ператвараецца ў поўны балаган. Абодва бакі страцілі кантроль над сваімі эмоцыямі, паведамляе рэпарцёр «Нашай Нівы» з залы суда.

Працэс фарсавы, і суддзя няздольная схаваць гэтую фарсавасць. Яна выдаліла тры асобы з залы, у тым ліку маці Каваленкі. То адхіліла адвод перакладчыцы, то праз пару хвілін задаволіла яе самаадвод. Тым не менш, парадку не дабавілася.

Гэта незвычайнае змяшэнне жанраў: драма Каваленкі, чалавека, які трапіў у турму за свае перакананні, чалавека, які прагаладаў 30 дзён. І балаган «беларускага» суда, дзе суддзя і пракурор не могуць правесці працэс над беларускамоўным чалавекам на беларускай мове. Дзе ўдзельнікі суда разумеюць палітычную подбіўку працэсу і таму самі не ўпэўненыя ў сваіх дзеяннях. І тут жа сам Каваленка — чалавек на мяжы зрыву, з нестандартным мысленнем і паводзінамі. І ягоныя родныя, знерваваныя ад перажыванняў.

11.51

Каваленка кажа, што да яго першаснае — агляд дактарамі. А пасля толькі хадайніцтва пра відэаздымкі. У выніку суддзя дазваляе правесці медычны агляд. Каваленку выводзяць для гэтага. Суддзя не сказала, у якім парадку праводзіць агляд. Канвой сам павінен вырашаць гэта.

11.50

Колькасць людзей у зале дасягнула 60 чалавек. Маці і жонка Каваленкі выклікалі хуткую дапамогу. Машына прыехала. Канвой не пускае дактароў аглядзець Сяргея. Праваабронца Левінаў гучна звяртае ўвагу, што парушаецца права чалавека на медыцынскую дапамогу.

Тым часам суддзя забараняе фота- і відэаздымку ў зале. Маўляў, ніхто не хадайнічаў пра такі дазвол.

Сяргей Каваленка кажа, што мае хадайніцтва да суду, каб яго агледзелі дактары: «У мяне дыстрафія, я згубіў 25 кілаграмаў».

11.45

Суддзя зачытвае просьбу перакладчыцы пра самадвод і пастанаўляе, што перакладчыца вызваляецца ад далейшай прысутнасці на судзе.

11.43

На працэсе прысутнічае Яніс Рупэікс, віцэ-консул Латвіі ў Віцебску, паведамляе ў сваім вычарпальным анлайн-рэпартажы радыё «Свабода».

11.35

У дзень суда спыніўся доступ да самага папулярнага незалежнага інтэрнэт-рэсурсу Віцебска: Народных навін Віцебска.

11.34

Каваленку зноў вывелі, пакуль суд на нарадзе. «Пі ваду, інакш памрэш да раніцы!» — крычыць маці сыну наўздагон.

11.32

Сапраўдная камедыя з перакладам у судзе. Перакладчыца Шухто зноў перакладае, але збіваецца, Сяргей яе папраўляе: «Не падляжыць, а падлягае, не абаснаванне, а абгрунтаванне. Адвод!»

Перакладчыца падае хадайніцтва пра самаадвод. Пракурор кажа, што трэба запрасіць новага перакладчыка. Суддзя зноў выйшла, каб прыняць рашэнне.

11.31

Перакладчыца Шухто прызнае, што, магчыма не мае патрэбных ведаў для перакладу. Бо не прысутнічала раней на судовых працэсах. Жанчына прысутнічала на папярэднім следстве. Але кажа, што тады амаль не даводзілася перакладаць.

11.24

Паўгадзіны раіліся, і адвод перакладчыцы адхілілі.

11.20

Карыстаючыся тым, што Каваленку прывялі з перапынку назад, а суддзя яшчэ не вярнулася, Юры Беленькі з залы заклікае Каваленку спыніць галадоўку, расказвае пра рэакцыю Еўропы на галадоўку і працэс. Сяргей адказвае, што прынцыпова не будзе выходзіць з галадоўкі. Кажа, што галадаў 30 дзён. Пасля пачалося прымусовае кармленне.

У зале гаворка ідзе пра палітыку. Людзі гукаюць, што ў сітуацыю з палітвязнямі і мовай вінаваты асабіста Лукашэнка.

Маці Сяргея галосіць: «Як мне цяжка і балюча! Я цяпер адчула, як цяжка іншым палітвязням і іх родным. Я цяпер іх разумею».

10.51

Суд выйшаў раіцца для прыняцця рашэння па адводзе Каваленкі перакладчыцы.

10.49

На працэсе прысутнічаюць і праваабаронцы-вясноўцы Валянцін Стэфановіч і Уладзь Лабковіч.

10.48

Адзін з мужчынаў зрабіў заўвагу да якасці перакладу. Яго выдалілі з залы. Каваленка заявіў адвод перакладчыку — просіць яе замяніць. Таксама Каваленка просіць не выдаляць людзей больш.

Імя выдаленага — Леанід Аўтухоў. Насамрэч, жанчына перакладае на трасянку больш, чым на беларускую мову.

10.46

Суддзя папярэдзіла Каваленку аб недапушчальнасці яго рэплік, якія не тычацца справы. Сяргей заявіў, што яго справа сфабрыкавана. Ён мае хадайніцтва. Але яно будзе пададзена пазней.

10.40

У якасці сведкаў праходзяць брат Віталь Каваленка і жонка Алена. Пракурор — Лутаў.

Пачаўся допыт Сяргея. Ён адказвае па-беларуску.

10.40

Каваленка адмаўляецца сядаць. «Насядзеўся». Стаіць. Суддзя тлумачыць падсуднаму ягоныя правы.

Сведкі на працэс выкліканы на 22 і 23 лютага. У зале прысутнічае перакладчык — настаўніца беларускай мовы Алена Шухто. У Каваленкі два адвакаты — Аляксандр Галіеў з Мінска і віцебчук Пятро Каваленка.

10.39

Перад пачаткам суда Каваленка расказаў прысутным журналістам, што яго 20 дзён прымусова кармілі. Пагражалі, што адправяць на «дзявятку», г.зн. у Віцебскую псіхушку. Кажа, што пасля гэтага перыяду прымусовага кармлення пачаў есці сам, і тады яму накладалі трайную процыю, каб ён аднавіў вагу. Наракае, што пасля галадоўкі ў яго жывот пух. Перад судом ён тры дні ўжо трымае сухую галадоўку. Кажа, што ўчора да яго прыязджаў псіхіятр. Каваленка гаворыць ірвана, голас у яго сіплаваты, але бадзёры. Кажа, што трымае сухую галадоўку для таго, каб у выпадку, калі яго забяруць дактары, убачылі сапраўдную сітуацыю з яго здароўем. Кажа, што ў СІЗА яго абколвалі, каб дактары не ўбачылі яго сапраўдны стан.

Каб паказаць, як ён схуднеў, Каваленка проста ў клетцы зняў кашулю.

Лад думак у Каваленкі спецыфічны, ён такі быў і да суда. Турма толькі абвастрыла гэтую нестандартнасць мыслення.

10.30

У залу суда зайшло 25 чалавек. Больш за дзесяць засталося за дзвярыма, не змясціліся ў залу. За дзвярыма стаіць і жонка Сяргея Каваленкі. Яна сведка на працэсе і мусіць чакаць за дзвярыма, пакуль яе выклічуць. Зазірнуўшы ў залу, яна сказала, што Сяргей выглядае вельмі дрэнна. У зале суда працягвае галасіць маці Каваленкі.

Сярод прысутных заўважныя асобы ў цывільным — сядзяць, пасміхаюцца.

10.27

Сяргей Каваленка зусім схуднелы. Калі зайшлі людзі ў залу, ён выгукнуў: «Жыве Беларусь!» І заспяваў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Вось, хто не чуў, запіс нацыянальнага гімна ў запісе хору «Унія»:

10.25

Увялі Каваленку. Ля ўваходу ў залу суда галосіць яго маці: «Да чаго давялі майго сына!»

10.18

Як паведаміла Наста Палажанка, сёння раніцай на ўездзе ў Віцебск спынілі аўто з маладафронтаўцамі, якія кіраваліся на працэс. Спыняла ДАІ, пасля пад’ехаў спецназ. У машыне былі журналіст Павал Сітнік і маладафронтаўцы Уладзімір Яроменак, Міхаіл Мускі, Раман Васільеў, Зміцер Крамянецкі. Дзе яны цяпер знаходзяцца — невядома.

10.17

Нагадаем, што старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц заклікаў улады Беларусі вызваліць Сяргея Каваленку. «Калі ён памрэ, рукі беларускіх уладаў будуць у крыві», — гаворыцца ў заяве.

10.13

У залу суда пакуль не пускаюць. Працэсу чакаюць пятнаццаць чалавек. Сярод прысутных — былая палітзняволеная Наста Палажанка і праваабаронца Павал Левінаў, кіраўнікі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юры Беленькі і Валер Буйвал. Меры бяспекі звычайныя, не ўзмоцненыя, як было на палітычных працэсах у Мінску ў 2011-м.

10.00
Суд над Сяргеем Каваленкам мае распачацца ў 10.30.
Працэс будзе весці суддзя Алена Жук. Каваленку пагражае да трох гадоў турэмнага зняволення.

Нашы рэпарцёры выправіліся ў Віцебск, знаходзяцца каля суда. Чакайце нашы фоты і відэа.

Сяргей Каваленка знаходзіцца ў СІЗА ад 22 снежня.

19 снежня на знак пратэсту супраць зняволення і крымінальнага абвінавачання Каваленка распачаў галадоўку.
Паводле абрывачнай інфармацыі, што прыходзіла з турмы, Каваленку кармілі прымусова, пасля ён сам на пэўны час галадоўку перарваў. А пасля зноў яе распачаў — невядома, з якой прычыны.
Каваленку вінавацяць, што ён парушыў рэжым адбывання «хатняй хіміі», прысуджанай яму ў 2010 г. за вывешаны на гарадcкой навагодняй яліне бел-чырвона-белы сцяг.

На час следcтва Сяргея Каваленку змясцілі пад варту — спачатку ў ізалятар часовага ўтрымання, потым у віцебскі СІЗА-2.

Жонка зняволенага, Алена Каваленка, якая бачыла мужа 17 лютага, лічыць, што Сяргей у крытычным стане і што яму неадкладна патрабуецца дапамога медыкаў. Аднак

намеснік начальніка віцебскага СІЗА падпалкоўнік Дубко заявіў учора праваабаронцу Паўлу Левінаву, што стан здароўя Каваленкі дазваляе ўдзельнічаць у судовым працэсе.

Раніцай у Віцебску юнакі ў знак салідарнасці з Кааваленкам вывесілі бел-чырвона-белы сцяг. Гэта працяг абвешчанай на мінулым тыдні акцыі салідарнасці. Палотнішча з’явілася ў самым цэнтры горада — у раёне плошчы Перамогі. Ён быў вывешаны каля крамы «Веста» ў самым пачатку вуліцы Леніна. Яго бачылі дзясяткі людзей.

Гэта не першая акцыя салідарнасці ў Віцебску. Шчымлівая гісторыя адбылася з затрыманнем ягонай жонкі і нявесткі. Жанчын затрымалі за распаўсюд улётак з інфармацыяй пра палітвязня Сяргея, які знаходзіцца пад арыштам у СІЗА: «Гэта ўлёткі, на якіх выява ёлкі з бел-чырвона-белым сцягам на вершаліне, які 7 студзеня 2010 году павесіў Сяргей. Там ёсць і ягоны партрэт, і звесткі пра тое, што ён знаходзіцца ў зняволенні, што з 19 снежня трымае галадоўку пратэсту супраць крымінальнага абвінавачання і што яго прымусова кормяць праз зонд. Напісана там таксама, што сям’ю Сяргея, дзе выхоўваюцца двое малых дзяцей, пакінулі бяз сродкаў да існавання», — расказваў ягоны родны брат.

Улёткі ў падтрымку Сяргея Каваленкі ў Віцебску з’яўляюцца не ўпершыню.
У прыватнасці, 12 студзеня, каля сябра КХП-БНФ судзілі паводле адміністрацыйнага абвінавачання, за распаўсюд улётак з запрашэннем на судовы працэс быў затрыманы грамадзянін Пятро Іваноў. Але ў пратаколе затрымання запісаная іншая прычына: нібыта гэты чалавек «нецэнзурна выражаўся».

Бел-чырвона-белыя сцягі таксама з’яўляюцца ў Віцебску ўвесь час, колькі Каваленка сядзіць. Да аднаго з іх была прычэплена цыдулка: «Гані быкоў! Вярнецца воля! Слава героям! Слава Беларусі! Ясь — сын Мірона».

У Каваленкі двое дзяцей, а жонка сядзіць удома з паўгадовай дачкой.
Сям’ю забяспечваў Сяргей Каваленка, які працаваў будаўніком як прыватны прадпрымальнік.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?