Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч запрасіў бізнесменаў Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў удзельнічаць у прыватызацыйных працэсах у Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, такая прапанова прагучала 21 лютага ў Дубаі на сустрэчы Мясніковіча з прэм’ер-міністрам, віцэ-прэзідэнтам, міністрам абароны ААЭ, кіраўніком эмірата Дубай шэйхам Мухамедам бен Рашэдам аль-Мактумам. На сустрэчы прысутнічалі спадчынны прынц Дубая, кіраўнікі шэрагу федэральных міністэрстваў ААЭ, члены ўрада эмірата Дубай, кіраўніцтва паліцыі і вядучыя бізнесмены.

Падчас перамоў разглядаліся перспектывы развіцця беларуска-эмірацкага супрацоўніцтва ў эканамічнай і крэдытна-інвестыцыйнай сферах, закраналіся пытанні наладжвання ўзаемадзеяння ў галіне навукі, спорту, адукацыі і турызму. «Беларусь зацікаўлена ў стратэгічных інвестарах і надзейных партнёрах, у асобе якіх можа выступіць эмірацкі бізнес», — цытуе Мясніковіча прэс-служба.

На сустрэчы «адзначалася мэтазгоднасць вызначэння найбольш перспектыўных кірункаў інвестыцыйнага супрацоўніцтва з мэтай выхаду на канкрэтныя праекты ў розных галінах ужо найбліжэйшым часам».

Кіраўнік Дубая даручыў сфарміраваць групу экспертаў і прапрацаваць магчымыя кірункі супрацоўніцтва з Беларуссю.

На разгляд эмірацкага боку таксама ўнесена прапанова аб стварэнні сумесных навукова-адукацыйных цэнтраў на тэрыторыі Беларусі і ААЭ і развіцці супрацоўніцтва ў галіне радыёэлектронікі, інфарматыкі, біятэхналогій.

Як паведамляе прэс-служба, бакі дамовіліся, што найбліжэйшым часам Беларусь наведае група эмірацкіх экспертаў па профільных кірунках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?