Я пад моцным уражаннем ад першага дня суда над Сяргеем Каваленкам. Пачуцці змешаныя.

ПАКУТНІК. Фота аголенага знясіленага Каваленкі выклікала асацыяцыю з класічным творам Тыцыяна «Святы Себастыян».
Перагледзела іншыя ўвасабленні Святога Себастыяна ад розных майстроў і пры знешнім падабенстве адну розніцу адзначыла. Класічныя пакутнікі глядзяць у вышыню, звяртаюцца да Бога. Каваленка ці апускае галаву ці глядзіць на людзей. Што і лагічна – якое неба, які Бог у клетцы ў судовай зале. Але пачуцьцё пакутніцтва ад гэтага не змяншаецца.
​​

РЭЖЫСЁР. Каваленка сам вядзе судовы працэс.

Дзякуючы ягоным учынкам за першы дзень суда амаль не адбылося працэсуальных дзеянняў. Фактычна Каваленку з нежаданнем падпарадкоўваюцца і маладыя суддзя і пракурор, і міліцыянты. Інтэлігентны Алесь Бяляцкі на судзе сам перакладаў хаду працэсу. Як у «Жоўным пясочку» Быкава вязні самі штурхалі машыну, якая павязе іх на смерць. Будаўнік Каваленка, які сам за кратамі гаворыць збольшага па-расейску, робіць заўвагі перакладчыцы, школьнай настаўніцы беларускай мовы, і дамагаецца яе адводу і змены перакладчыка. Паспявае, як мне падалося, на пачатку паседжання, даць інструкцыі жонцы, і ягоная сям’я няспынна выклікае «хуткую дапамогу», патрабуючы шпіталізацыі палітвязня. Працэс зацягваецца і становіцца ўсё больш з аднаго боку абсурдным, а з другога – драматычным.
БУДУЧАЯ АХВЯРА ПРАПАГАНДЫ. Рэзкія, экзальтаваныя паводзіны палітвязня, напэўна, могуць скарыстаць афіцыйныя ідэолагі.
Хочаце сцяга? Хочаце беларускай мовы? Глядзіце, вось такія прыйдуць і навядуць свае парадкі.
НЕ ПАЛІТЫК. Каваленка – просты будаўнік зь Віцебску. Ён мае ідэю. Ён апантаны. Ён прагне экстрыму. Ён моцны. Ён любіць Беларусь і бел-чырвона-белы сцяг.
Ён вывешвае сцягі. Ён лічыць гэта сваім пакліканнем. Ён не ўмее казаць прыгожых словаў, не ведае, што такое дыпламатыя. Гэта ягоная сіла і ягоная слабасць. Турэмнае пакаранне, якое яму пагражае, абсурднае. І ён змагаецца. Адзін. Як можа. Як умее.
ПРОСТА ГЕРОЙ, скажа нехта. БЛАЗАН, адкажа другі. Сяргей Каваленка – палітвязень сучаснай Беларусі.
У ім сканцэнтравана ўсё цяперашняе беларускае – боль, адчай, тупік, агрэсія, супраціў, нянавісць і надзея.

Надзея, што ён выйдзе з турмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?