Спікер Дзярждумы РФ Сяргей Нарышкін лічыць неабходным сфарміраваць Еўразійскі парламент «для паглыблення інтэграцыі на шляху да стварэння Еўразійскага саюза». Пра гэта ён заявіў журналістам 22 лютага ў Санкт-Пецярбургу.

«За апошнія гады развівалася многае — міграцыйныя працэсы, Мытны саюз, Адзіная эканамічная прастора. Мы зрабілі прынцыпова важны крок на шляху будаўніцтва Еўразійскага саюза. Нам спатрэбіцца агульнае празрыстае і зразумелае эканамічнае заканадаўства. Ужо фарміруюцца еўразійскія наднацыянальныя органы, створана Еўразійская эканамічная камісія, ствараюцца іншыя інстытуты. Але гэтыя структуры не могуць і не павінны вырашаць парламенцкія задачы. На парадку дня стаіць пытанне фарміравання Еўразійскага парламента», — сказаў Нарышкін.

Як адзначыў спікер Дзярждумы, «упершыню за 20 гадоў узнікае сітуацыя, калі роля парламенцкай складальнай інтэграцыі надта вялікая, і вельмі неабходна абмеркаваць з прадстаўнікамі Беларусі і Казахстана далейшыя дзеянні па вырашэнні агульных задач».

Нагадаем, 1 студзеня 2012 года на прасторы трох краін — удзельніц Мытнага саюза — Беларусі, Казахстана і Расіі — пачала функцыянаваць Адзіная эканамічная прастора (АЭП). Мяркуецца, што ўнутры АЭП будзе забяспечана свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг і капіталаў цераз дзяржаўныя межы краін-удзельніц. Прадугледжваецца, што Мытны саюз і АЭП стануць асновай для фарміравання ў перспектыве новага міждзяржаўнага ўтварэння — Еўразійскага саюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?