Што мяне больш за ўсё ўразіла пры назіральніцтве на гэтых прэзідэнцкіх выбарах у Расіі — галасаванне на хатах, куды я выправіўся з парай настаўнічак-членак выбарчай камісіі. На трэнінгу казалі, што нармалёва, калі на ўчастку будзе чалавек 20–30 тых, хто падаў заяўку на галасаванне ў сябе дома — звычайна гэта пенсіянеры і інваліды.

На нашым участку заявак на галасаванні дома было ажно больш за 60.
З трэцім па ліку рэйсам выязной скрынкі пайшоў і я.

Абыходзілі найцікавых людзей, і многія з гэтых маскоўскіх старыкоў за тыя пяць хвілінаў, якія мы правялі ў кватэры, паспявалі распавесці цэлую гісторыю свайго жыцця.

Былы дэпутат, які засядаў у мясцовым савеце 50 год таму, яшчэ калі наш спальны раён нават не быў часткай Масквы.

Былы аналітык Адміністрацыі прэзідэнта («як жа я магу не прагаласаваць за свайго былога начальніка!») і апарата Вярхоўнага савета СССР, які «за гады службы нічога не скраў», а толькі зарабіў на двухпакаёвую кватэру, шчыльна застаўленую кнігамі і недарагімі, але пяшчотна сабранымі сувенірамі.

Проста маўклівы статны худы старык з ладнаю барадой і цыгарэтай у худых пальцах — як ажылы чорна-белы мастацкі фотаздымак.

Сямейная пара, што жыве разам ужо 63 гады, ветэраны Другой сусветнай.

Кабета, што нарадзілася яшчэ перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй, амаль сляпая і амаль глухая, якая жыве сама.

Старая мініятурная настаўнічка матэматыкі з рэдкім габрэйскім імём, якая адна з трох, каго мы абышлі, прагаласавала не так, як яе праінстуктавалі супрацоўнікі сацыяльнай службы.

Як рэдка сустрэнеш такіх людзей у сваім штодзённым жыцці.

Наведнікі выбарчага ўчастку таксама цікавы зрэз грамадства.

Выбары — бадай што адзінае мерапрыемства, дзе разам збіраюцца ўсе жыхары раёну:
пенсіянеры, маладзёны-нефармалы, мамкі з дзецьмі, мужчыны ў добрых касцюмах.

Расія — нармальная краіна з нармальнымі людзьмі. Людзьмі добрымі, хай і з адпаведнай дозай сваіх звычайных чалавечых заганаў. І неяк тым больш крыўдна зрабілася, што за апошнія дванаццаць гадоў для ўлады зрабілася нормай так грэбліва ставіцца да волевыяўлення вось гэтых канкрэтных людзей, каго ты бачыш на свае ўласныя вочы.

* * *

Разам з тройкай назіральнікаў ад Камуністычнай партыі, што былі разам са мной на ўчастку, мы так і не дачакаліся з’яўлення ў нас сумнавядомай чаргі будаўнікоў з адмацавальнымі пасведчаннямі (менавіта так, паводле паведамленняў, выглядала тыповая «карусель»). Восем гадзін вечара, дзверы зачыняюцца, пачынаецца падлік.

Ніколі не зразумею,

чаму ў ХХІ стагоддзі, калі існуе Microsoft Excel, падлік тых, хто прагаласаваў, павінен весціся ўручную
сіламі стомленых за доўгі рабочы дзень людзьмі, па велізарных амбарных кнігах. На працэдуру губляецца гадзіна-паўтары.

Падлік бюлетэняў прайшоў з дробнымі парушэннямі, але без відавочнага махлярства: назіральнікам дазволілі не тое што бесперашкодна назіраць за сталом, на якім ішоў падлік, але падпусцілі сесці прама за яго, зусім поруч з членамі камісіі. Узгадалася, як у 2006 годзе ў Менску мы стаялі метрах у дзесяці ад захіленага спінамі членаў камісіі стала.

На нашым участку Пуцін набраў толькі 43,5% галасоў. Другое месца — Міхаіл Прохараў з 24%. На суседнім участку, які змяшчаўся ў тым жа самым памяшканні, вынік быў аналагічны. Прыемна, хаця і дробязь. Шкада, што «галасавання» ў Дагестане, Чачэніі і шэрагу іншых рэгіёнаў хапіла, каб кампенсаваць наш тутэйшы маскоўскі разгул дэмакратыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?