Можна не сумнявацца: у наступным годзе эпігоны з БТ таксама звернуць увагу на «Гуду» і Насту Някрасаву.

Удмурцкі фолк-гурт «Буранаўскія бабулі», па-ўдмурцку — «Брангуртысь песянаёс», быў абраны дэлегатам ад Расіі па выніках галасавання, якое прайшло падчас канцэрту ў жывым эфіры на тэлеканале «Расія-1».

Гэтае шоу завяршала нацыянальны адборачны тур еўрапейскага тэлевізійнага поп-конкурсу.

Вось гумарная песня, з якой удмурткі паедуць на «Еўрабачанне»:

Калектыў, які складаецца з пенсіянерак, выканаў песню Come on and dance на сумесі удмурцкай і английскай моваў.

Яны абагналі такіх зорак, як дуэт Цiмацi і татарскай спявачкі Аіды, а таксама шматразовага лаўрэата «Еўрабачання» Дзіму Білана, які выступаў дуэтам з экс-удзельніцай «Тату» Юліяй Волкавай.

Сярод прэтэндэнтак была і беларуска Паліна Смолава.

«Буранаўскія бабулі» ўзялі 38,5% галасоў. За Білана і Волкаву прагаласавалі 29,25% гледачоў. За Цімаці і Аіду — 25%.

Усяго ў фінале ўдзельнічалі 25 выканаўцаў. Беларуска Паліна Смолава заняла 7-е месца (5,79%).

Фінал конкурсу пройдзе ў Баку 15 мая. Беларускі адбор стаў вядомы скандалам. Напачатку было заяўлена, што едзе фаварытка Аляксандра Лукашэнкі Алена Ланская, але пасля крытыкі спецкамісія прызнала фальсіфікацыі, перагледзела вынікі, на конкурс едзе «Лайтсаўнд».

Прыемна за «Брангуртысь песянаёс»! Вось падборка іншых твораў гурту.

Запамінальная ўдмурцкая народная песня, сваім ладам так падобная да беларускіх:

А гэта больш лірычная:

Let it be па-ўдмурцку:

Удмурцкая мова належыць да фіна-вугорскай групы.

Удмурты — гэта невялікі народ, які стараецца захаваць сваю тоеснасць насуперак русіфікацыі. Удмурцкая зорка (у тым ліку на нацыянальным сцягу) рыхтык наша беларуская традыцыйная «зорка шчасця» (яе выкарыстоўвае на сваім сцягу Хрысціянская дэмакратыя). Этнографы мяркуюць, што традыцыйныя беларускія арнаменты засталіся ад прадаўніх фіна-вугорскіх насельнікаў нашых земляў.

Удмурцкі гурт узнік пры звычайным вясковым доме культуры.

Ідэя перапяваць па-ўдмурцку сусветныя хіты прыйшла ягонай загадчыцы Вользе Туктаровай. Колькі ж можа зрабіць для сваёй культуры і проста для душы кожны чалавек!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?