Чыноўнікі называюць гэтыя дрэвы аварыйнымі.

Чыноўнікі называюць гэтыя дрэвы аварыйнымі.

Усяго высечана мінімум 15 дубоў.

Усяго высечана мінімум 15 дубоў.

«Я вам тлумачу: я супраціўляўся гэтаму, і да гэтай пары супраціўляюся. Яны стаялі там вякамі! — эмацыйна расказвае ляснічы «Ляскавічаў» Уладзімір Ракавец, амаль крычыць. — Але ёсць загад губернатара вобласці Дворніка і распараджэнне старшыні Жыткавіцкага райвыканкама».

«Ляскавічы» — не простая гаспадарка. Гэта «Эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка Дзяржаўнай пры-родаахоўнай установы «Нацыянальны парк «Прыпяцкі». І, як і ўсе нацыянальныя паркі, яна належыць Кіраўніцтву справаў прэзідэнта. Больш за тое, каля Ляскавіч знаходзіцца адна з рэзідэнцый Аляксандра Лукашэнкі. Пра такія мясціны прынята казаць: «на асаблівым кантролі».

«Ляскавічы» вырабляюць многа драўніны. Самая дарагая — гэта дубовы паркет і плінтус. Экспартны тавар, адным словам.

Аднак дубы валяць не дзеля драўніны. Ці, прынамсі, не толькі дзеля драўніны.

Унікальнае месца

Адкрытая прыпяцкая абалона ў ваколіцах вёскі Боркі з раскіданымі на прасторы дубамі-волатамі была прыкладам гарманічнага спалучэння сельскагаспадарчага ландшафту і прыроды.

Такога больш няма нідзе: абшар паплавоў, а на ім, сям-там, дрэвы-волаты. У падарожнікаў перахоплівала дух — від на пойму адкрываецца з трасы з Мінска на Тураў. Гэта сапраўды было адно з найхарашэйшых месцаў у краіне.

Гэтым месцам ганарыўся вядомы пінскі эколаг Аляксей Дуброўскі, які прыклаў шмат намаганняў дзеля захавання дубоў падчас меліярацыі поймы. Летась Аляксей пайшоў з жыцця, і па нейкай злой іроніі, амаль адразу былі знішчаныя і ягоныя дубы.

Тут высеклі больш за пятнаццаць 150—200-гадовых дрэваў, і працы па высечцы працягваюцца.

Меркантылізм камерсанцікаў? Мясцовае самавольства? Аказалася, і ні першае, і ні другое.

«Бог іх рассудзіць»

Загад на высечку ідзе ад старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка.
На гэтай падставе старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Мікалай Какора выпісаў адпаведнае распараджэнне. А з бензапіламі працавалі рабочыя КСУП «Коленскае».
«Дубы стаялі па 200 гадоў. А што яны паднялі 10 сотак зямлі з тых дубоў — Бог іх рассудзіць, сцяг ім у рукі, — не перабірае ў выразах ляснічы «Ляскавічаў». — І гэта не толькі ў нас, гэта па ўсей вобласці Гомельскай такая бяда здарылася. Ім загад губернатара — вось і ўсё. У нас губернатар устанаўлівае свае законы».

Аказваецца, такім чынам павялічваюць плошчу сельгасугоддзяў.

«Высеклі не толькі асобныя дрэвы, а полеахоўныя палосы, — кажа Ракавец. — У Калінкавіцкім раёне там тысячы гектараў пустуе зямлі, асушаных выдатных тарфянікаў. Яны шукаюць пасяўныя — знайшлі 10 гектараў у раёне і затрацілі мільярды грошай».

«Слова скажы — заўтра будзеш без працы»

Часта ў нас можна пачуць: «народ дэградаваў, народ азвярэў». Ды не, народ акурат усё добра разумее, сказалі мы адзін другому, калі рыхтавалі гэты матэрыял. Людзі ў Ляскавічах, ад простага бухгалтара да простага пенсіянера, паўтаралі нам слова ў слова: «Вы ж зразумейце — мы да рубкі ні пры чым!».

Простыя людзі адкрыта кажуць, што высякаць такія дрэвы — грэх. Але што могуць зрабіць простыя людзі? «Слова скажы — заўтра будзеш без працы», — апраўдваюцца.

А што тыя, якія па сваёй пасадзе павінны сачыць за такімі справамі? Алег Баранаў, супрацоўнік Жыт-кавіцкай інспекцыі па прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяроддзя, пацвердзіў, што дубы высеклі на падставе загада Дворніка. Дакументальна ўсё па законе, кажа ён. Інспекцыя тут ні пры чым. Так званы «білет» на вырубку кубаметраў сарака драўніны выпісаў ляснічы нацпарку. Сам Баранаў такое рашэнне не ўхваляе, і сваю пазіцыю ўжо выказаў Міністэрству. Але дубоў ужо не вернеш.

«Людзі разбалаваныя»

А вось Аляксандр Наўныка, намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама, рашэнне ўпэўнена абараняе: «Дубы валяць не проста так. Самавольнага нічога няма».

З яго словаў, пад вырубку траплялі толькі «аварыйныя» дубы, якія перашкаджалі працы сельгастэхнікі на палях. «А тое, што дуб аварыйны, напалову ўпаў, на полі стаіць — гэта нікога не хвалюе», кажа Наўныка.

«Пагэтаму што жыхары вам звоняць... Знаеце, аднаму хочацца ў Амерыку паехаць, другому — у Францыю. Але ён жыве ў Беларусі», — кажа Наўныка.

«Людзі разбалаваныя, — кажа, — тэлефануюць на «гарачую лінію» [Мінаховы прыроды — НН], а самі прапанаваць нічога не могуць».

Паўтарэнне слюнькоўшчыны

Апошняя буйная кампанія павелічэння плошчы сельгасугоддзяў праводзілася за Слюнькова, перад развалам СССР. Тады таксама карчавалі кусты ў лагчынах, секлі гаёчкі. Усё гэта была тыповая кампанейшчына часоў застою: нізіны на палях таму і зарасталі, што туды ўсё адно збіраецца вада, і з часам яны зараслі наноў. Але нават тады на прыпяцкія дубы рука не паднялася.

У свой час старанні Слюнькова Масква ацаніла. Яго забралі на павышэнне ў саюзную сталіцу.

Цяпер усё паўтараецца:

асвойваюцца грошы, выдзяляецца салярка. Так чыноўнікі інтэрпрэтавалі словы кіраўніка дзяржавы: «ніводзін кавалак зямлі не павінен пуставаць».
Асаблівая ўвага ў Гомельскай вобласці надаецца выкарчоўцы лесапалосаў: «Тэхніку нагналі з усёй вобласці. Па аўтатрасе Гомель-Кобрын працавала ўся меліяратыўная тэхніка», — расказвае Ракавец.

Не дзеці, то хоць унукі

Цяпер, калі вандалізм ужо адбыўся, эколагі просяць спыніць хаця б далейшыя высечкі.

«Важна, каб хоць пні захавалі, а каля тых пянькоў пасадзілі маладыя дубкі. Тады можа не нашы дзеці, але хоць унукі пабачаць ізноў той краявід, якога больш нідзе няма», — кажа Віктар Фянчук, дырэктар грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?