Міністэрства культуры ўзгадніла прызначэнне мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатра беларускага драматургіі (РТБД) Аляксандра Гарцуева.

Як паведамляе прэс-служба Мінкульта, кандыдатуру Гарцуева на пасаду мастацкага кіраўніка тэатра вылучыў вядомы акцёр Ігар Сігаў, які ў канцы мінулага тыдня, 23 сакавіка, заняў пасаду дырэктара тэатра.

Аляксандр Гарцуеў пасля заканчэння ў 1980 годзе акцёрскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута працаваў акцёрам у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

У 1994 годзе на сцэне РТБД паставіў свой першы спектакль — «Чорны квадрат». У 2000 годзе Гарцуеў скончыў рэжысёрскае аддзяленне Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва і прайшоў стажыроўку пад кіраўніцтвам вядомага рэжысёра Леаніда Хейфеца. З 2000 года працаваў рэжысёрам Купалаўскага тэатра.

Гарцуеў з’яўляецца рэжысёрам многіх спектакляў, сярод якіх — «Івона, прынцэса Бургундская» (Вітольд Гамбровіч), «Дзеці Ванюшына» (Сяргей Найдзёнаў), «Хам» (Эліза Ажэшка), «Не мой» (Алесь Адамовіч), «Людзі на балоце» (Іван Мележ).

Аляксандр Гарцуеў таксама выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе ў 2008 годзе выпусціў курс маладых рэжысёраў драматычнага тэатра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?