Ва ўсім сьвеце вядзе рэй пакаленьне NEXT — але гэта не пра нас. Мы пакаленьне LAST.

Не памыляюся. За намі ідзе ўжо не пакаленьне беларусаў, але пакаленьне грамадзянаў РБ. Ёсьць сярод іх, безумоўна, адзінкі, якія праз сям'ю ці нейкія выключныя з'явы атрымалі невылечны вірус беларускасьці. Але большасьць з маладзейшых — гэта жыхары РБ, ды не беларусы. Так — яны негатыўна настроеныя да дыктатуры, так — яны значна больш цывілізаваныя, унутрана свабодныя, разумныя і перспектыўныя, але далёкія ад беларускасьці людзі... Бяз крыўдаў, але гэта факт і гутарка тут не пра іх. Яны напішуць самі пра сябе пазьней і на іншых мовах з дапамогаю ўсюдыіснага гуглтранслейта. Ці будзе толькі ў тых радках «у кароткае»...?

Тут — пра іншае. Пра апошняе пакаленьне, для якога «90-ыя Forever» (с).

Прадстаўнікі пакаленьня LAST — гэта людзі, якія засталі трэцюю спробу беларусізацыі, пачыталі бел-чырвона-белых падручнікаў па гісторыі, скончылі беларускамоўныя школы і факультэты.

Прадстаўнікі пакаленьня LAST нарадзілася ў Саўку, але пасталелі збольшага са свабоднай сьвядомасьцю і праз гэта — з патэнцыйнай магчымасьцю стаць сапраўднымі прадстаўнікамі нацыіі без комплексу непаўнавартаснасьці, «вясковасьці», «малодшабратэрства».

Прадстаўнікі пакаленьня LAST падшпаркамі цягнуліся на дыбачках ў натоўпах 96-ай Вясны побач з легендарнымі дзядзькамі з Тутэйшых.

Прадстаўнікі пакаленьня LAST пайшлі з акцябратаў і піянэраў наўпрост ў Малады Фронт, «Край», БПС, беларускія скаўты.

Прадстаўнікі пакаленьня LAST слухалі «Ulis», «Краму, «NRM» разам з «Нірванай» і «Дэпешамі» і вучылі бацькоў слухаць радыё «Свабоду» «штовечар у жывым этэры»...

Прадстаўнікі пакаленьня LAST, сьціскаючы кулакі ў падлеткавым максімалістычным запале, да сьлёз шкадавалі, што не ўдзельнічалі ў першых выбарах 1994-га. Так шчыра, як юнакі-пяцідзесятнікі, шкадавалі, што не паваявалі ў Другую сусьветную...

Прадстаўнікі пакаленьня LAST бачылі сапраўдныя сцяг і герб і памятаюць міліцыянтаў ў канфедэратках з «Пагоняй» на цэшках, якія нікога не лупцавалі за БЧБ.

Прадстаўнікі пакаленьня LAST пад гітару сьпявалі Мельнікава і Воюша верылі таму, што пяюць.

Прадстаўнікі пакаленьня LAST называлі сваіх дзяцей Вітаўтамі, а сабе бралі псэўданімы Альгерд.

Прадстаўнікі пакаленьня LAST проста верылі ў тое, што Беларусь можа быць беларускаю.

Прадстаўнікі пакаленьня LAST з'язджалі ў Штаты і спадзяваліся вярнуцца...

Калі так адбылося, што мары і надзеі неяк незаўважна распусьціліся ў паветры як міраж? Нас падманулі? Мы не ўтрымалі?.. Ня ведаю.

Ведаю толькі, што прадстаўнікі пакаленьня LAST будуць паміраць павольна і многія пакінуць, магчыма, не самую горшую памяць па сабе.

І толькі вельмі балюча ўсведамляць, што нашая будучыня, праваліўшыся паўсьляпым шчанюком ў адкрыты люк, так і засталася забытая, пранізьліва скуголіць недзе там у мінулым, якое няўмольна адыходзіць ў далячынь...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?