У Беларусі ў 2011 годзе незаконна да крымінальнай адказнасці было прыцягнута 426 чалавек, што амаль у два разы больш, чым у 2010 годзе. Такія даныя прывёў першы намеснік старшыні Следчага камітэта Андрэй Швед 5 красавіка на міжнароднай
Кажучы пра перадумовы прыняцця рашэння аб стварэнні Следчага камітэта, Швед адзначыў, што практычна ўсе ранейшыя следчыя структуры займаліся тым, што распачыналі крымінальныя справы па дробных, няцяжкіх злачынствах. Толькі ў 2010 годзе судамі была спынена вытворчасць прыкладна па 5 тысячах такіх крымінальных спраў.
Па крымінальных справах, папярэднім расследаваннем якіх займаліся следчыя ДФР КДК, колькасць грамадзян, незаконна прыцягнутых да крымінальнай адказнасці, у 2011 годзе павялічылася ў 8 разоў, па справах, якія расследаваліся ў МУС, — у 2,3 разу.
У следчых МУС, КДБ, ДФР КДК, органаў пракуратуры, паводле слоў Шведа, не было адзінай правапрымяняльнай практыкі, яны залежалі ад ведамасных інтарэсаў, «што выражалася ў наяўнасці абвінаваўчага ўхілу», прысутнічала нездавальняючая якасць папярэдняга следства і дазнання, «што дазваляла вінаватым пазбягаць крымінальнай адказнасці і не пакрываць дзяржаве і грамадзянам прычыненага злачынствам урону».
«У некаторых выпадках да крымінальнай адказнасці прыцягваліся невінаватыя асобы, як з прычыны абвінаваўчага ўхілу з боку следчых, так і ў выніку памылак, а часам і прамых фальсіфікацый доказаў», — канстатаваў Швед.
Кожнае ведамства, паводле яго слоў, кіравалася ўласнай крыміналагічнай статыстыкай, «ацэнка вынікаў працы праводзілася па колькасці распачатых і накіраваных у суды крымінальных спраў». «Такая сістэма прама ці ўскосна падштурхоўвала да таго, каб знаходзіць злачынствы там, дзе іх няма», — заявіў першы намеснік старшыні Следчага камітэта.
Швед падкрэсліў, што з пачаткам працы 1 студзеня 2012 года Следчага камітэта значна зменена не толькі структура праваахоўнай сістэмы, але і парадак вытворчасці па матэрыялах і крымінальных справах. Паводле яго слоў, цяпер СК спалучае функцыі дзяржаўнага праваахоўнага органа і органа папярэдняга расследавання.
Швед нагадаў словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што «рэфармаванне следчага апарата — гэта не мэта, а сродак павышэння эфектыўнасці яго працы».
Сярод задач СК Швед назваў аб’ектыўнае і аператыўнае расследаванне злачынстваў, а таксама абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.





